Сдам Сам

ПОЛЕЗНОЕ


КАТЕГОРИИ







Аб паліцыі, паліцаях і вязнях





Правіцель горада, паліцыя і вартавыя – гэта абаронцы і заступнікі забойцаў і злодзеяў злыя. Вязніца і вязні – гэта нібы пекла і грэшнікі. Вартавыя – гэта анёлы-мукары, паліцыя – гэта ўладар пекла, які дае загады. Злачынцы сядзяць у ланцугах з ярмом на шыі. Яны падобныя на пякельных грэшнікаў.

Вязніца пра сэрца злодзеяў сведчыць, дзе цемра вісіць, у неспакойным сэрцы зняволеных сядзельцаў трывога сядзіць. Там больш страху, чым надзеі, і пануе там ён, больш пакоры, чым супраціву, у таго, хто парушыў закон.

Кожны раз, калі вартаўнікі каго-небудзь з іх забіраюць, у астатніх ад страху сэрцы заміраюць. Відавочцы пакарання страшныя весці нясуць, вярнуўшыся ў вязніцу, жудасныя размовы вядуць. Адзін распавядае, што такі і такі, калі яго вешалі, стаяў смела, другі кажа, што такі і такі, калі яму галаву секлі, сядзеў умела. Адзін здзіўлены мужнасцю знявечанага, другі захоплены вершамі прыгнечанага. І мноства такіх жудасных рэчаў, такіх дзіўных падзей.

Стражнік перш лоўляй злачынца займаецца, а атрымаўшы жаданае, яго вызваліць з вязніцы стараецца. Вязніца нагадвае дзень Страшнага суду, яна падобная на сапраўднае пекла і навявае нуду. Вязняў змрочнай гарадской вязніцы можна параўнаць з палоннымі кахання ў іх сумным прыстанку. Барані нас Бог ад учынкаў, якія прыводзяць туды, і ад здарэнняў, якія кідаюць людзей у кайданы сораму і бяды.

Бэйт:

Пакутай і бядой багаты той прыстанак,

Для вязняў тут прыгнёт адзін настаўнік.

Бэйт:

Як пераступіш ты вязніцы той парог,

То ў цябе адна надзея – толькі Бог.

Аб земляробстве

Селянін арэ зямлю, каб засеяць яе, і ў гэты час ён адкрывае шлях да надзённых хлебу. Калі ён пабожны і сумленны, яго вол падобны на вярблюдзіцу Саліха[33]. Валы селяніна, як магутныя асілкі, пакорліва аруць, нетаропка рухаючыся наперад.

Падчас працы дзе селянін – і яны там, ён імі кіруе, нібы Адам[34].

Дзякуючы сялянам добраўпарадкаваны свет, дзякуючы ім людзі могуць ладзіць урачысты абед.

Кожнае іх дзеянне і кожны крок не забыты – яны прычына багацця і дабрабыту.

Калі селянін добрасумленна сее зярнятка адно, Пан Бог дазваляе яму сабраць ураджай у сам сямсот на яго гумно. Але пакуль усходы дадуць насенне, пакуль ўраджай дойдзе да гумна, чарвякі і птушкі збожжам насычаюцца, звяры стэпавыя ім наядаюцца. Дзякуючы гэтаму збожжу ў дастатку дом мурашак, шчасна жыве статак дзікіх аслоў, галубы горача буркуюць, жаўрукі ў небе святкуюць; зарабляе на хлеб жнец, які зерне жне, падборшчык каласоў гэтым зернем жыве. Дзякуючы яму дасягае мэты травапольшчык, атрымлівае неабходнае працаўнік з матыкай, жабрак бывае сыты і кожны мужчына моцны і вялікі.

Збожжам сілкуецца падарожнік, дзякуючы яму дасягае мэты духоўны настаўнік, працуе печ пекара, квітнеюць справы гандляра сенам. Дзякуючы збожжу сілкуюцца немаёмныя, атрымліваюць у дастатку прадукты харчавання вандроўныя. Дзякуючы збожжу пабожны спакойна моліцца, а пустэльнік можа малым здавольвацца. Дзякуючы яму торба жабрака поўная хлеба, царская скарбніца – каштоўных камянёў і дарагіх металаў, як трэба.

Ужо адно вырошчванне хлеба селянінам – такая любата, што і нельга сказаць, а іншыя дабрадзействы сялян пяром не апісаць. Сад яго – гэта рай на зямлі, агарод яго – гэта крыніца духоўнай падтрымкі ад нягодаў злых. Мы не памылімся, калі кожнае дрэва яго нябесным зводам назавем, а плады яго – зоркамі на ім. Адсюль ідуць для немаёмных людзей усе прыправы і воцат, і мноства іншых дароў, закускі і чыстыя віна багацеяў і цароў. Пладамі рознымі яго сад усланы, і ўвесь горад упрыгожаны імі таксама.

Такі чалавек не павінен быць ілжывым і скнарай, не павінен прыкідвацца бездапаможным небаракам. Ён не павінен адмаўляцца ад выплаты шахскага падатку і не павінен прыгнятаць бедных падзёншчыкаў мізэрнай платай. Тады яго збожжа ператворацца ў жамчужыны дабрабыту, а насенне стануць зоркамі велічы. Такі селянін – гэта сын Адама, чалавек сапраўдны, а дакладней – іншыя яго сыны, а ён – Адам, іх корміць, як і есць сам.

Кыта:

Хто сваёй справай выбраў земляробства,

Ён марыць, каб людзям свой хлеб аддаць,

Загадам Бога земляроб – вышэй рамёстваў,

І чалавечнасць мусіць ён увасабляць.

Аб галаварэзах і адкідах грамадства

Галаварэзы і падонкі грамадства – гэта проста стварэнні неразумныя, у іх не такія, як у прававерных, лад жыцця і паводзіны іх бяздумныя. У іх няма чалавечых якасцяў, усе яны нахабныя і мярзотныя, усе ўчынкі іх дзікія і нягодныя. Галаварэзы, якія забіваюць людзей нажамі, – гэта шалёныя сабакі, а нажы іх я параўнаю з сабачымі зубамі. Галаварэз – злы сабака, калі ён цвярозы, а калі ён п’яны, з ім не справяцца і сто сабак.

Многія з іх гінуць ад мяча смерці, як дзікія жывёлы, і ў час пакарання яны замест малітвы чытаюць свае асаблівыя прамовы. Яны прывыклі кожнага сустрэчнага лаяць, і нібы скарпіёны, яго цела джаляць. У іх няма ні гонару, ні розуму, ні сумлення, ні сораму. Іх справа – нявер’е і брыдота, іх занятак – распуста і подласць. Гарадскія падонкі – род ядавітых насякомых, неабходна асцерагацца іх і іх знаёмых.

Бэйт:

Пакуты людзям – вось адзіны клопат іх.

Пра іх сказаў Прарок: “Ганіце злых!”

Аб валацугах і бадзягах

Вандроўныя скамарохі і цыганы славяцца сваімі як акрабаты і весялуны. Іх выскіоя скокі кажуць, што яны ўраўнаважаны, іх стойка кажа пра тое, што ўсё для іх абыякава. Сябелюбства і фанабэрыстасці яны не ведаюць, яны гэтыя ўласцівасці з гноем змешваюць. Падскокваючы, яны бягуць ад пыхі людской, не выхваляючыся сваім блазнерствам, яны даюць людзям смяяцца над сабой. Яны не думаюць пра заўтрашні дзень, тое, што сёння зароблена, усё з’ядаюць, усё, што даюць, яны бяруць, а калі не – то не крыўдзяцца

Іх дом і прыстанак – гэта руіны прыніжэння, іх стаянка і прытулак – гэта навес пакорнага служэння.

Як толькі віднее, муж і жонка на заробкі адпраўляюцца, а сыны і дочкі па розных вуліцах разбягаюцца. Усю заробленую днём здабычу яны кладуць увечары ў адну кучу. Яны не кладуцца спаць, пакуль не праядуць усё, што здолелі прынесці, і не гавораць пра тое, што заўтра не будзе чаго есці.

На другі дзень раніцою паўтараецца ўсё, што было ўчора. Калі чалавек здолее так жыць, гэта таксама не дрэнна. Вышэй чалавечай фанабэрыстасці такога прыніжэння мора, лепш людской пахвальбы такая пакора.

Бэйт:

Калі чалавек сапраўдны, ён сябе чалавекам не кліча,

Самую цяжкую працу нават працай не паліча.

Аб дакучлівых жабраках

Жабракі і ўбогія – людзі без сораму і сумлення, і многа іх! Яны бяруць сваёй дакучлівасцю – днём, да ўсяго прыглядаючыся, ходзяць па дварах багацеяў, а ўначы дапамагаюць рабаваць людзей ліхадзеям.

Калі ты даеш ім міласціну, яны ніколі слова падзякі не гавораць, а калі ім штось падорыш, без усялякай удзячнасці яны бяруць усё без разбору.

Колькі б яны ні елі, як на голад хворы, яны не могуць напоўніць страўнік свой; як хворага вадзянкай, нельга іх напаіць нават вадой. Выдзеўбаны гарбуз, у які такі жабрак збірае міласціну, нібы галава наркамана, поўную розных неўтаймоўных думак, яго мех падобны на вантробы крывадушнага суфія, поўныя розных ашуканскіх задумак.

Акрамя тых, хто абмывае нябожчыкаў, ніхто не забярэ ў такога гаротнага медзяка, які ён носіць з сабой; манета, якую ён закопвае, прысвойваецца толькі зямлёй.

У вачах гэтых людзей гараць сквапнасць і прагнасць, а значыць, яны спусташаюць іх сэрца і пазбаўляюць іх удачы.

Сярод іх ёсць такія праклятыя, якія называюць сябе святымі пілігрымамі; нельга параўноўваць нават д’ябла, шайтана з гэтымі самазванцамі, таму памаўчым. Няма чалавечых якасцяў і веры ў людзей такіх, свіння і мядзведзь чалавечней іх. Каб адысці ад людскога свету, яны мяняць свой выгляд здольны, апранаюць вывернутыя футры, каб уступіць у свет жывёльны.

Кожны жабрак, які б ён не стаў, як дрэнныя думкі, чыстаму сэрцу ніколі спакою не даваў.

Рубаі:

Да іх не пасуюць правілы людскія,

Законы мусульман для іх чужыя;

Хто павядзецца са смеццем людскім,

Не слухае добрыя словы святыя.

Аб сакольніках і паляўнічых

Сярод паляўнічых сакольнік – правадыр, ён іх магутны валадар. Але ў яго на руцэ лоўчыя птушкі, з-за якой ён днём і ноччу пакутаваць не баіцца. Ён і ночы бавіць без сну, спакойнае жыццё хіба часам сніцца яму. Каб задаволіць свой запал, ён звязвае ногі птушкі вольнай і радуецца, катуючы яе па начах катаваннем і болем. Ён нітку жарсці ў іголку сквапнасці ўдзявае і вочы гэтай бездапаможнай птушкі зашывае.

Гэтым ён яе да палявання прывучае, і яна забіваць іншых жывёл пачынае. Днём ён па стэпах і далінах блукае і нарэшце бесклапотную дзічыну знаходзіць. Рознымі хітрасцямі ён сваю птушку на гэтую дзічыну напускае, але яна, злавіўшы дзічыну, зноў у яго рукі трапляе. Пасля гэтага, вырваўшы ў злоўленай птушкі крылы, ён вышчыпвае ў яе пёры і з любоўю корміць свайго драпежнага вучня. Праліў кроў яшчэ ў некалькіх такіх, ён бок ім распорвае і крылы адрывае ў іх. Затым, прычапіўшы іх, ён адпраўляецца дамоў, задаволены сваёй спрытнай птушкай і самім сабой. Каб задаволіць свой злашчасны запал, ён ногі дзічыны па дарозе з’ядае, а рэшту на спёцы кідае.

На другі дзень ён некалькі бітых птушак свайму ўладару падносіць і прагна ў яго за гэта дары просіць.

Усё, што ён пра птушак балбоча, – глупства, усе яго самаўсхваленне – распуста.

Усім гэтым учынкам прычына – запал; запал вядзе да таго, што ён мучыць жывёл, шпацыруе, есць смажаніну і атрымлівае дары ад таго, хто мае над ім уладу.

Маснаві:

З карысталюбствам ён сябруе,

Ім чалавечнасць не пасуе.

А трэба срэбра, медзь заўжды,

Ячмень каню, а птушкам – больш вады.

Аб шлюбным жыцці і жанчынах

Жаніцца – гэта вечнай бядой таміцца, невылечнай хваробай хварэць, адчуваць ярмо, якога не здалець.

Хоць з пачатку да канца гэтую справу прыносіць шмат смутку і крыўды, але ў яго ёсць і іншы бок, які выводзіць да дабра па гэтых лабірынтах. Калі знойдзецца годная жонка, яна супакоіць і ашчаслівіць свайго мужа. Давядзе яна да ладу дом свой і гаспадару хаты дасць жаданы спакой.

Сэрца будзе радавацца, калі яна будзе прыгожай, з добрай славай, а душа будзе спакойная, калі яна будзе сумленнай і ласкавай. Калі яна разумная, то ў яе дзеяннях будзе мудрасць, у гаспадарцы будзе лад, а ў хаце – утульнасць.

Калі мужчыну шчасце ўсміхнецца і такая пара для яго знайдзецца, яна ў сумную і цяжкую пару будзе яму спачуваць і дапамагаць, у дні хваробы і цяжару не будзе яго пакідаць, не дазволіць яму хварэць і пакутаваць не дасць. Усе жыццёвыя непрыемнасці яна будзе пераносіць разам з ім, пазбаўляць яго ад трывог, будзе трываць з ім разам кожнае бедства, якое пасылае Пан Бог. Калі ён будзе сумаваць, будзе і яна за яго перажываць, калі муж будзе хварэць, то будзе хварэць і яго жонка.

Калі не вельмі вялікай дабрынёй і прыгажосцю адрозніваецца жонка, калі яна не бачыць у сваім мужы сябра, муж да яе даверу не будзе трымаць, але ўсё ж надзеяй будзе жыць, будзе з ёй гжэчным і ласкава ўшчуваць. Часам яго цяжкасці будуць спатолены, хоць шматлікія патрэбы яго не будуць задаволеныя. Такі шлюб яшчэ больш-менш трывалы, такі муж яшчэ не занадта няшчасны і няўдалы.

Але барані Бог ад нягоднай жонкі, у якой заган багата, такая для дома – злая страта. Калі яна сварлівая, то яна сэрца будзе разрываць, калі яна будзе паводзіць сябе непрыстойна, яна душу будзе раздзіраць. Калі яна ліхаслоўная, то яна сэрца мужа будзе раніць, а калі яна несумленная, мужа сваімі ўчынкамі будзе ганіць. Калі яна п’яніца, то ў хаце будзе бязлад, а калі яна распусніца, то дом прыйдзе ў заняпад.

Аднак такая жанчына, якую я першай апісаў, за сто гадоў адзін раз не нараджаецца, сярод ста тысяч жанчын адзін раз не сустракаецца. Калі хтосьці знойдзе сабе такую, ён павінен блаславіць лёс, трэба павіншаваць гэтага малайца з такім шчасцем, якое ён прынёс.

Аднак Усявышні Пан стварыў з недахопамі гэтую пароду, ён выдаліў дасканаласць і сумленнасць з іх прыроды. Ён надзяліў гэты пол кепскай натурай, ператварыўшы многіх мужчын у слуг жанчын, а гэта найгорай.

Занятак жанчын – інтрыгі і падступства, іх мара – падман і вераломства. Яны не хваляць Пана Усявышняга за яго міласці, не дзякуюць людзей за іх шчодрасць.

Іх вера – гэта нястрыманасць, іх лад дзеянняў – гэта бессаромнасць.

Самаўсхваленне – іх любімая справа, самаздаволеннем прасякнута іх цела. Іх вера заганная, паколькі ў іх няма розуму, іх розум непаўнавартасны, бо іх вера няўстойлівая.

Сукенка іх брудам жарсці забруджана, паводзіны іх брыдотай прыроды апаганены. Калі яны цвярозыя, яны апілыя віном невуцтва, калі яны нецвярозыя, яны любяць віно і палюбоўнікаў. Яны заўсёды шукаюць заганы ў іншых, яны бачаць толькі недахопы ў іх. Вельмі па-майстэрску яны выклікаюць варажнечу сярод людзей, будаваць падкопы – гэта ім усяго мілей.

Сваімі падкопамі і ліхаслоўем яны нявінных людзей забіваюць, ілжывымі довадамі яны любога з дакладнага шляху збіваюць. Сумленнасці у іх нямноша, несумленнасць – вось іх пастаянная дарога. Яны сваім ліхаслоўем сорма у слухача выклікаюць, праз слова яны каго-небудзь праклінаюць. Прыгожаму мужу, падобнаму да царэвіча, яны зло сваімі здрадамі прычыняюць. А са страшным палюбоўнікам, падобным на д’ябла, яны вельмі ветлівыя і ласкава яму дагаджаюць. Надзеўшы чадру, яны дзёрзкім падманам займаюцца, а прыбраўшыся, пералюбнічаць адпраўляюцца. Сетка выкрутаў іх падобная павуціне, ніхто не зразумее сутнасці іх падкопаў.

 

У ліку такіх, як яны, і лядашчая старая, якая свой твар, падобны на стары бурдзюк, фарбуе румянамі, на сваёй дрыготкай галаве носіць пышны султан. Лепш было б, калі б сарваўся ўцёс і з плячэй гэтую галаву знёс.

Нават лядашчая старая ўсё роўна хоча прыбірацца і душыцца, патрабуе збрую з інкрустацыяй нават старая асліца.

Іх мужы – гэта рабочыя аслы, што ім мусяць дагаджаць, бездапаможныя слугі, а дакладней – рабы, што іх глядзяць.

Паколькі ўсе людзі розныя, то і жанчыны адна ад адноц таксама зусім адрозныя. Але іх можна падзяліць на тры роды – простых жанчын, прывілеяваных жанчын і высакародных жанчын.

Простыя нібы жывёлы жывуць, яны толькі спяць, ядуць і п’юць. Фарбавацца і прыбірацца – гэта іх богаслужэнне, упрыгожвацца і малявацца – такое іх маленне. Іх дэвіз – веры не ведаць і не знаць, мэта іх – сваімі падкопамі як мага больш дрэннай славы прыдбаць.

Прывілеяваныя жанчыны нібы д’ябал і шайтаны невыносныя, яны падступныя і злосныя. Для іх добры намер – прыгнятаць і зло пасяліць, для іх сумленная і набожная справа – строіць падкопы і здрады чыніць. У параўнанні з імі злы дух у вераломстве і падступнасці няўмелы, а д’ябал у выхадках і хітрыках нясмелы. У параўнанні з імі анёлы слабыя, а чэрці дурныя.

Сем’і руйнаваць для іх такая ж высакародная справу, як храм будаваць, кроў нявінных людзей праліваць для іх такая ж ласка, як мёртвых уваскрашаць. Калі хтосьці аказвае ім дабро, яны яго да зла кіруюць, таго, хто ім дае мёд, яны атрутай частуюць. Яны руйнуюць дом цноты і гонару, ламаюць будынак пабожнасці і разганяюць сумлення водары.

Дасведчаныя ў многіх навуках навукоўцы, дасціпныя і ўважлівыя мудрацы напісалі пра іх падступства мноства кніг, і можна падумаць, што яны ўсё падрабязна апісалі, аднак самі яны лічаць, што яшчэ не выказалі ўсё. Як жа мог я пра іх напсіаць ў гэтых некалькіх разрозненых старонках? Не мог я закрануць і сотай часткі іх учынкаў.

Высакародныя зусім супрацьлеглыя тым, каго я толькі што апісаў. Яны праўдзівыя, ведаюць толькі праўду, увесь час успамінаюць Пана Бога як языком, так і сэрцам. Навукоўцаў веры яны навучаюць, ад іх подыху вялікія святыя карысць набываюць. Такіх жанчын Божыя Пасланцы і Прарокі ўсхвалялі, лічачы іх сёстрамі набліжаных да іх анёлаў. Галаву сваю яны пакрываюць покрывам цноты, а свой твар – шоўкам жаночага гонару. Хай не здыме з галавы такой хустку Пан Бог, хай не зніме гэтага покрыва з такога твару злы рок, няхай не ступіць загана на яе парог.

Аб крывадушных шэйхах

Самахвальства крывадушнага шэйха – гэта пазалочаная медзь, здольная толькі звонку бліскацець. Ён пабожным толькі выглядае, а знутры яго ашуканскія выхадкі напаўняюць.

Ён вычварна апранаецца, каб прыцягваць увагу простага люду, каб ачмураць людзей, чыніць шарлатанскія цуды. Чалма яго поўная імкнення да ўлады, кожны волас у яго – распуснасць і здрада. Стракаты халат, які ён носіць, аб стракатасці яго хітрыкаў галосіць.

Ён прыкрывае заганы сваім бурнусам, кожная нітка якога спрадзена на прасніцы крывадушнасці хлуса. Яго зубная шчотка – гэта напільнік, якім ён зубы сквапнасці точыць, у чахле расчоскі схаваныя прылады, якімі ён людзей з панталыку збіць хоча.

Ён перабірае ружанец для адводу вачэй, моліцца напаказ усіх даўжэй. На галаву ён накручвае велізарную чалму, каб лепш акручваць людзей, на хвост лісы падобны пас чалмы, які ён імкнецца зрабіць даўжэй і даўжэй. Ён не да месца чувае, нібы раптам здурнеў, яго лямант – гэта кудахтанне курэй. Іншыя вакол яго круцяцца ураганам, нібы п’яныя ў зборышчы п’яным.

Не ад душы ўсё, што ён гаворыць, мае на карыслівыя мэты ўсё, што ён робіць. Цуды, якія ён робіць, паскудства; усё тое, што ён пра цуды кажа, гэта глупства. Яго спевы пазбаўлены рытму і строю, ён ва ўсім прытворства кроіць. У знешнасці яго пышнасці многа, але змястоўнага няма ў ім нічога.

І гэты мярзотны чалавек у прыгожым адзенні сябе з набожнымі людзьмі ставіць мае надзею. Гэта вялікі сорам.

І ўсё ж-такі людзі прыходзяць да яго, каб стаць яго мюрыдамі і яго слухаць, яны фанатычна і самааддана яму служаць. Ён захоўвае свой уплыў махлярствам, падманам пад сваёй уладай трымае паству. Самі чэрці бянтэжацца ад яго спраў, нават пракляты Ібліс разгубленым стаў.

Рубаі:

Пад покрывам беднасці тут столькі крывадушша, ханжаства, шахрайства –

Так бывае, калі пляце цыноўкі на пасадзе сам ўладыка царства

Калі ханжа заве сябе дэрвішам, а той цар сябе лічыць царом,

Значыць, няма розуму ў іх абодвух, замяніла сорам у іх нядбайства.

Аб гуляках

Заўсёднік шынка – то апілы гуляка – бавіць час за чарай віна без нічога ніякага.

У галаве яго да віна цяга пануе, ён, нібы хмель, можа толькі ля куфля начуе.

Калі ён даведаецца, што дзесь баляванне віруе, ён дастаўляе туды збаны з віном і там балюе.

Чалму гонару кожнае імгненне ён з галавы зняць гатовы, за глыток віна ён да ног чашніка ўпасці гатовы. Ён вар’ят з-за таго, што звязаны з шынком, ён бедны з-за таго, што любіць келіхі з віном.

Калі ён з рук чашніка чару віна выпівае, ён сябе мацнейшым і шчаслівейшым за Джамшыда[35] адчувае.

Ён пакланяецца чашніку, прыгажосці яго твару, ён падае ніцма ля ног прадаўца хмельнага тавару.

Жартаўнікі-п’яніцы разарвалі яго кашулю, ён жа з-за любові да іх ног пад сабой не чуе. У мекйхане ён падае пабітую чару і просіць у яе наліць віна. Ён цалкам стаў на ганебны шлях, не адзін п’яны збівае яго дома і ў гасцях. Ён просіць у вясёлым сходзе, каб яму ля дзвярэй месца далі, жадаючы, каб яго самалюбства растапталі. Ён не абцяжарвае сваю галаву чалмой, не турбуе халатам стан свой.

Але хоць ён як асоба з зямлёй мяшаецца, але дзякуючы сваёй велікадушнасці ён да нябёсаў уздымаецца. Ён не сумуе ад бедстваў, якія прыносіць час, не пакутуе ад непасільнага цяжару, як кожны з нас. Ні жыццё, ні смерць яму не страшныя, паміж заможным і немаёмным розніца яму не бачная. Яго суцяшэнне – праліваць горкія слёзы; нібы пляшка, ён рады быць падобным на чару з віном. У карчме ён і аднаго імгнення цвярозым не бывае, на сегасветнае дабро і зло ён не паглядае. Ён не разбіраецца ў тым, што добра, а што дрэнна. Можна сказаць, што гэта не чалавек, а сапраўдны цуд. Ён прывык з несправядлівасцю і з цяжкім жыццём мірыцца, мэта яго – прабачэння і міласці Пана дамагчыся і Яго ласкай наталіцца. Ён губляецца ў пыле карчмы быцця мірскога, спадзеючыся атрымаць вечнае жыццё ад Пана Бога. Гуляка і немаёмныя шчаслівы ў гэтым, так што ім могуць пазайздросціць і цары гэтага свету.

Рубаі:

Гуляка п’е віно штодзённа адно з кілішка нябыцця,

Ад свету ён не хоча плёну, і ад магільнага жыцця.

Адзін спадзеў на ласку Бога і дзень і ноч трымае ён,

Ён лепшы, чым аскет, што псуе таемна святасць Адкрыцця.

Хай усім няўдачнікам усміхнецца такое шчасце без пакарання, хай яны заслужаць вечнае жыццё шляхам пакаяння.

Аб дэрвішах-суфіях

Дэрвіш – той, хто прывык з усім мірыцца, і нават калі цяжка на душы, быць добрым і не сварыцца. Дэрвіш павінен правільнага шляху да Ісціны трымацца, паказваць сябе такім, які ён ёсць і не выхваляцца. Каб ачысціць сябе ад бруду жарсцяў, ён павінен падвяргаць сябе суровай галечы, зняможваць сваё цела, ісці па шляхі ўстрымання і дасягнуць гэтым шляхам палаца дасканаласці.

Нікога, акрамя Аллага, не будзе заўважаць зрок яго, акрамя абсалютнага быцця, ён не будзе бачыць нічога – ні чужога, ні свайго. Нутро яго будзе адпавядаць знешнасці. Сэрца будзе супадаць з вонкавым абліччам. Хоць бы і сапсавался знешнасць, каб схаваць свой унутраны свет, гэта не будзе перашкодай духоўнай дасканаласці. У дэрвіша ірваны халат, поўны выцвілых фарб – у руінах знаходзіцца скарб. Дасканалы муж дрэнна апранаецца – скарб цара Фарыдуна ў руінах хаваецца. Рэчаіснасць мужоў зместу – гэта таямніца нявыказанага слова, рэчаіснасць людзей формы – гэта рысоўка, у якой зместу не адшукаеш нават выпадкова.

Сапраўдныя мужы свой сапраўдны ўнутраны свет хавалі і прадметам асуджэння людзей бывалі. Яны разбуралі вонкавага выгляду будынак, яны ўзмацнялі ўнутранага свету падмурак. Яны былі задаволеныя ўсім, што пасылаў ім рок, не выклікалі іх незадаволенасці цяжкія прыгнёту і людскі папрок. Яны не елі, не пілі, ад усяго зракаліся і дзеля Пана свайго перажывалі гора, і крывавымі слязьмі абліваліся. Куток згоды і задаволенасць – вось іх прыстанак, пустыня пазбаўлення і ўстрымання – вось іх суцешнік і загованне ранаў. Яны выхаваныя і вялікадушныя, сябру і ворагу жадаюць толькі дабра.

Хто валодае гэтымі якасцямі, той – дэрвіш.

Рубаі:

Прашу цябе, Магутны Божа, нябыту птушку прыручы

Ці у сетку мне злавіць дазволь і Тваім мастацтвам навучы.

Дарогі беднасці спазнаў я, і шчасце ў гэтым для мяне.

Мяне, няшчаснага, у прыстанак нябыту Свой Ты заключы.

Аб пакаянні

Сапраўднае пакаянне складаецца ў тым, каб зразумець, наколькі дрэнныя злыя ўчынкі, і ў сябе прыйсці, з вышняй дапамогай з кепскага шляху сысці. Пакаянне люстэрка сэрца грэшнага чалавека ад пылу ерасі ачышчае, губка малітвы гэта люстэрка да бляску начышчае.

Пакаянне – гэта канец сцежкі бедстваў і пачатак дарогі Ісціны; яно заключана ў тым, каб ад уласнага невуцтва ачуняць, ад сну чалавечага жыцця прачнуцца; свае непрыстойныя паводзіны зразумець, імкненне да дурным дзеянням ад сябе прагнаць; яно заключаецца ў тым, каб зразумець наступствы нядобрых учынкаў і зразумець сваіх дамаганняў злачыннасць; пакаянне – гэта з-за нізкіх учынкаў збянтэжанасць, ад сваіх правінаў сарамлівасць; пакаянне – гэта ўсведамленне чэрствасці прыроды людзей і мярзоты капрызе сваёй; яно ў тым, каб спыніць самавольнасць сэрца і спыніць свавольства душы; гэта – часіна выратавання нябеснага, адмова ад асалоды цялеснага.

Гэтая бліскучая жамчужына не кожнаму няшчаснаму дастаецца, карыстацца гэтай паходняй дапамогі Усемагутнага Напраўніка не кожнаму ўдаецца. Калі чалавек з высакароднай прыродай з правільнага шляху збіваецца, калі чалавек з набожнай існасцю забываецца, ім авалодвае дзіўны стан, прычынай якога з’яўляецца жорсткі запал. Затым на яго сыходзіць Нябесная дапамога, і да яго вяртаецца прытомнасць. Пасля гэтага жыццё яго гняце, сорам цісне яго ў бядзе. Ён устрымліваецца ад грэшных спраў і просіць прабачэння, моліць аб грахоў ранейшых адпушчэнні. Ён свае памылкі выпраўляе і на правільны шлях выступае.

Гэты этап – першая ўдача суфія, першы прыпынак падчас Падарожжа да мэты. Гэтага шчасця чалавек сам па сабе ніяк здабыць не зможа, “гэта – ласка Аллага, якую Ён пасылае тому, каму захоча”. Кожны шчаслівец тым ці іншым шляхам становіцца такім дасведчаным, кожны шчасны неяк дасягае гэтага шчасця.

Рубаі:

Хто ад Пана Бога ласкай быў надзелены хоць раз,

Хай нявартай справай будзе неяк апаганены на час –

Ў рэшце рэшт памылку ўбачыць, знойдзе шлях загладзіць грэх,

Зноў па той дарозе пойдзе, што шукае кожны з нас.







Что будет с Землей, если ось ее сместится на 6666 км? Что будет с Землей? - задался я вопросом...

Что способствует осуществлению желаний? Стопроцентная, непоколебимая уверенность в своем...

Живите по правилу: МАЛО ЛИ ЧТО НА СВЕТЕ СУЩЕСТВУЕТ? Я неслучайно подчеркиваю, что место в голове ограничено, а информации вокруг много, и что ваше право...

ЧТО ТАКОЕ УВЕРЕННОЕ ПОВЕДЕНИЕ В МЕЖЛИЧНОСТНЫХ ОТНОШЕНИЯХ? Исторически существует три основных модели различий, существующих между...





Не нашли то, что искали? Воспользуйтесь поиском гугл на сайте:


©2015- 2024 zdamsam.ru Размещенные материалы защищены законодательством РФ.