Сдам Сам

ПОЛЕЗНОЕ


КАТЕГОРИИ







Дадатак пра адданасць і сумленне





Высакароднасць і мужнасць – бацькі, а адданасць і сумленне – іх дзеці-блізняты; колькі велічы і бляску ў бацькоў, столькі хараства і ззяння ў дзяцей.

Кожнае сэрца, у якім ёсць адданасць, і сумленне мае, там, дзе тая жыве, і гэтае бывае. У каго няма адданасці, той не мае і сумлення. У каго няма іх, у таго няма веры, а у каго няма веры, той не мае і чалавечнасці.

Хіба можна спадзявацца на непастаяннае жыццё? Хіба можна быць разам з нявернай каханай? Дасканалыя людзі – уладальнікі сумлення, непаўнавартасныя людзі – бессаромныя.

Адданасць і сумленне з гэтага чорнага свету сышлі і ў свеце нябыту месца знайшлі. Яны толькі адно з адным сяброўства маюць, а вераломныя ды бессаромныя людзі іх і не ўспамінаюць.

Калі я звяртаў да каго-небудзь адданасць, то ўсё заканчвалася толькі тым, што я атрымліваў у адказ сто вераломстваў. Калі я быў міласэрны ў адносінах да людзей наўкола, то справа канчалася тым, што я бачыў ад іх у адказ тысячу уколаў.

Бэйт:

Ад тых, каму я верны быў, адказам быў прыгнёт,

Ад тых, каму дарыў любоў, меў тысячы нягод.

У свеце стаяць стогны ад уціску вераломных людзей, усюды чуюцца крыкі ад прыгнёту – і вінаваты заўжды зладзей. З часу заснавання гэтай свету нікога гэты агонь так, як мяне, не пячэ, з часу з’яўлення вераломства ніхто не адчуў такі прыгнёт яшчэ. Ад вераломства людзей нашага часу ў мае грудзі шыпы ўтыкаюцца, ад бессаромнасці людзей ў маіх грудзях раны з’яўляюцца. Цярпення Айюба не хопіць пра іх расказаць, і жыцця Нуха не хопіць, каб усё гэта апісаць. Няхай Пан Бог наставіць прыгнятальнікаў на шлях сумлення і міласэрнасці ці ж няхай дасць мне, прыгнечанаму, сілу і цярпенне.

Бэйт:

Ці ласкай надзялі таго, хто прыгнятаў,

Ці больш цярпення дай, каб слёз і след прапаў.

Заўвага аб лагоднасці

Лагоднасць – гэта ўрадлівы сад чалавечай асобы, гара, у якой ўтойваюцца самацветы людской натуры. Лагоднасць – гэта якар карабля чалавечнасці ў моры падзей, гэта гіра вагаў людской сутнасці, гэта дарагое адзенне маральных асоб, гэта каштоўны матэрыял, які ідзе на пашыў гэтага адзення. Лагоднасць засцерагае ад буяных вятроў варожых злых запалаў і ад буры зласлоўя крывадушнікаў. Ёю чалавек павагу і пашану здабывае, яна ўвагай і добразычлівасцю вялікіх мужоў надзяляе.

Насмешкі і блюзнерства веліч старэйшых зводзяць на нішто, недаравальна праяўляць легкадумнасць людзям спелых гадоў.

Аднак, паводле меркавання смеццепадобных людзей лёгкіх паводзінаў і ветрападобных асоб непастаяннага нораву, людзі, якія адрозніваюцца лагоднасцю, валодаюць цяжкім характарам і невыносным норавам. Гэтыя вышэйназваныя людзі, як віхор, пыл у паветра падымаюць і дзякуючы гэтаму лёгкаму паводзінам самі сябе велічнымі людзьмі называюць. Яны спрабуюць растаптаць горныя хрыбты, што да неба уздымаюць стэпавы пыл. Яны не саромеюцца ў кожны дом урывацца, нібы агонь ўсё спальваць і разлятацца.

Хоць вецер і зрывае пялёсткі цюльпана, але скалы ён не варухне, агонь можа выклікаць пажар ля падножжа гары, але сонца ён не сягне...

Вецер бязважкі, хоць і нябёсаў прагне, а гара, заглыбленая ў зямлю, мае вагу.

Для ветрападобных лагодны – гэта салома, якую можна ў попела ператвараць, для гарападобных лагодны – гэта агністы лал, які можна на шахскую карону прымацаваць.

Бэйт:

Для Герацкай гары з-за вагі не страшныя селі, хоць і шмат іх вясна прынясла.

Ды па ветры ляціць перакаці-поле і гіне – да пагібелі лёгкасць яго прывяла.

***

Дапамагай прыгнечаным і будзеш у бяспецы ад прыгнятальнікаў, прынось карысць падуладным і табе не будзе шкоды ад уладальнікаў.

Разумны сваркі пазбягае, з дапамогай салодкіх словаў пагадненне заключае. Ад разгневаных вос укусу можна чакаць, а ў гандлёвым радзе прысмакаў трэба мёд купляць.

 

***

Шчаслівы той малойца, які распусце не паддаецца, а распуснаму старому і так нічога не ўдаецца.

 

***

Словы пакутнікаў – гэта агонь, які змякчае каменныя сэрцы і выклікае слёзы з вачэй жорсткага. Подых людзей, якія ведаюць сапраўдныя словы, – гэта вецер, які выносіць смецце самалюбства і змятае пыл абурэння.

Справа закаханага – маліць і сціпласць праяўляць, прыкмета кахання – пакутаваць і бедаваць. Матылёк гарыць і палае, салавей стогне і рыдае. З яркім полымем нельга параўнаць светляка, моль не можа здзейсніць справу матылька.

Бэйт:

Хоць чалавек сябе аздобіў, яго ўлюбёным не заві,

Не так гарыць на небе ранак, як ранак ісціннай любві.

***

Калі хтось чый-небудзь сябар ці лічыць сябе сябрам, ён не павінен рабіць яму тое, чаго ён у адносіны сябе не дазваляе; а яшчэ лепш, калі ён у дачыненні да сябра не дазваляе сабе нават тое, што дазваляе ў адносінах да сябе. Ён можа душой і целам незлічоныя пакуты цярпець, але свайму сябру ён не павінен пакутаваць дазваляць, а для таго, каб пазбавіць сябра ад пакут, ён павінен быць гатовы жыццё аддаць.

Кыта:

Каханне – вось агонь магутны! Драбнюткай іскры ад яго

Хапае, каб заслону неба спаліць ушчэнт, як палатно.

А цела чалавека – крохка, танчэй яно за небасхіл.

Як полымя яго ахопіць, скажы, ці выжыве яно?

 

***

Душа – гэта цар краіны цела, калі яна здаровая, задровае і цела, калі ж і яна хворая, дык хворае і яно. Таго, хто валодае душой сваёй, можна лічыць царом цароў. Ад чысціні і бруду душы залежаць чысціня або нечыстосць цела, гэтак жа як лад і неўладкаванасць царства залежаць ад справядлівасці і несправядлівасці цара.

Цар – душа дзяржаўнага цела, душа – цар цялеснай дзяржавы.

Бэйт:

Каб панства славаю квітнела, квітней, вялікі гаспадар,

Душа, здаровай будзь у целе, бо ты ў дзяржаве цела – цар!

 

***

Цар павінен часам быць міласэрным, а часам суровым. Каб адрозніваць свайго ад чужога, ён павінен быць праніклівым і мудрым, каб адрозніваць сябра ад ворага, ён павінен быць дасведчаным і разумным, бо і сябар, і вораг з-за страху ці надзеі паводзяць сябе як рабы цара. Яны не пакажуць свой сапраўдны твар, пакуль не настане час, каб паднесці дар ці нанесці ўдар.

Бэйт:

Як гром раптоўна грымне ўранні,

Слабы набудзе моц, а моцны – слабым стане.

 

***

Што за карысць у тым, што цар кагось карае смерцю, а потым у гэым каецца; ён ганіць сябе, калі кагосьці у сане павышае, а потым паніжае, як да прытомнасці вяртаецца?!

Бэйт:

У справах улады будзь пільным заўжды,

Інакш не мінуць табе зла і бяды.

 

***

Цар не павінен да ворага выяўляць такое шаленства, каб і сябар у бяду трапляў, ён не павінен суперніка караць такім чынам, каб яго прыхільнік прайграў.

Бэйт:

Змагайся з ворагам, ды не зусім зацята,

Каб засталася цэлай сябра хата.

***

Распусны вучоны – гэта чалавек дасведчаны, які сам сябе прыгнятае, скупы багацей – гэта чалавек недасведчаны, які сам сябе пакутамі сцябае. Гэтыя людзі дарэмна жыццё марнуюць, перад смерцю яны раскайваюцца і шкадуюць. Першы мучыўся, каб набыць веды, але на справе прымяніць іх не ўмеў, другі мучыўся, каб набыць багацце, але скарыстацца ім не паспеў.

Кыта:

Не хоча вучоны даць справы да ведаў,

Прагне багаты манеты збіраць.

Памруць – і не будзе ні вед, ні манетаў.

І прыклад іх сумны – урок нам, відаць.

 

***

Да ліхіх людзей выяўляць літасць і рабіць дабро – гэта значыць добрым людзям рабіць ліха і чыніць зло. Літаваць ката́ – значыць знішчаць галубоў, даць волю лісе – значыць усіх курэй знішчыць дазволіць ёй.

Бэйт:

Хто ваўка надумае карміць штодня ягнём,

Аленяў той пагубіць няведання агнём.

 

***

Веды набываюцца, каб веру мацаваць, а не для таго, каб багацце нажываць.

Скупы багацей – жывёла, нагружаная кнігамі; вучоны, які не дзецнічае згодна закону, – гэта хмара, якая не прыносіць дажджу.

Бэйт:

Насільшчык-невук ходзіць з грузам важкім – карысці ў тым няма зусім.

Заробіць ён на гэтым цяжка, магчыма, ледзь дырхем адзін.

 

***

Скнара адчувае жорсткія пакуты, каб сваю маёмасць захаваць, зайздросны з-за сваіх ганебных паводзін не можа спакойна спачываць. Адзін гіне ад таго, што мучыць сам сябе, іншы хварэе з-за сваіх учынкаў.

Бэйт:

Таму чужое вочы засціць, вось пакута! –

А гэты да свайго дабра прыкуты.

***

Маёмасць – твая, калі ты яе выкарыстоўваеш, а для іншых пакідаеш тое, тое, што ты сабе захоўваеш. Не шкадуй расходаваць на сябе тое, што зарабіў сваёй працай, не трымай яго ўпотай, каб яно не дасталася тваім ворагам ці сябрам потым.

Бэйт:

Толькі тое, што карысна, ты маёмасцю лічы,

А што шкоду нам прыносіць, дай да ворага ўцячы.

 

***

Разумныя людзі не спадзяюцца на ласку цароў ды катаў, мудрацы – на словы шалёных ды вар’ятаў.

Цары – людзі свавольныя, вар’яты – бязвольныя, такіх пазбягаюць мужы, да развагаў здольныя.

Бэйт:

Той самавольны, гэты – волі не відаў,

А мудрасці ніводзін не прыдбаў.

 

***

З дапамогай маёмасці можна бяды пазбаўляцца, а калі пашкадуеш яе, можаш і з жыццём развітацца. Не ўпускай такога выпадку, бо застацца ў жывых важней!

Кыта:

Як золата табе даецца за мядзяк,

Памылішся, калі марудзіць станеш,

Хай Бога ты зрабіў аховаю сваёй,

Ды ўсё ж спяшайся і дарма не марнуй ты часу.

 

***

Народ не паважае таго, чый нястрыманы язык выдае яго балбатлівую сутнасць. Лайдак, які не закрывае рот, падобны на сабаку, які брэша ноч напралёт. Злаязыкі чалавек сэрцы людзей ранамі пакрывае, але і на сваю галаву бяду наклікае. Невук, які жахлівай балбатнёй горла дзярэ, падобны на асла, які без дай прычыны горлам бярэ.

На саладкамоўнага, які мілы і ласкавы ў сваіх прамовах, людзі не крыўдзяцца нават тады, калі ён прыносіць сумную вестку.

У словах можна знайсці ўсякае дабро, нездарма людзі кажуць, што подых мае душу. Менавіта таму, верагодна, Масіх[43] уваскрашаў подыхам мёртвых.

Непрыемны чалавек, які агідным голасам усякую лухту бясконца лапоча, падобны на жабу, а голас яго параўнацца з яе кваканнем хоча.

Крыніца жывой вады шчасця – язык, але і прычына ўзыходу нешчаслівых зорак – таксама язык.

Той, хто стрымлівае язык, – высакародны мудрэц, той, хто распускае язык, – подлы дурань, які можа толькі дурнець.

Калі язык красамоўства мае, добра, калі ён з сэрцам заадно бывае. Сэрца і язык – найлепшыя органы чалавека, як лілея і ружовы бутон – найлепшыя расліны кветніка. Чалавек адрозніваецца языком ад жывёл, і людзей адрознівае адзін ад аднаго таксама язык.

Язык – прылада прамовы, але ад непажаданых прамоваў яму можа быць кепска. Айнуль-Куззат дзякуючы языку Масіхам быў празваны, а Хусэйн Мансур з-за дзёрзкага языка быў пакараны.

Бэйт:

Закаханых можа знішчыць вестка пра расстанне,

Вестка пра спатканне ім душу вяртае.

 

***

Выдатна, калі язык салодкі, карысна, калі ён мяккі. Калі салодкі язык робіцца горкім, ён усім прыносіць засмучэнне, калі цукар ператвараюць у горкае віно, то яго ўжыванне выклікае грэх.

Добрыя словы –слодыч для сэрцаў чыстых, прадавец халвы – усім дзецям прыемны і блізкі.

Бэйт:

Добрае слова – як босым абутак,

І сілу яно адбірае ў атруты.

 

***

Кожны, хто лухту нясе, сам сябе ганьбіць пакрысе. Краснабай, які праўдападобна схлусіў, падобны майстра залатых спраў, які пазалаціць срэбра мусіў. Хлусня нават у казках сон выклікае, хлус як бы ў сне лятае. Хлуслівага цвярозым лічыць не варта нам, за ім ідзе сорам па пятам.

Гаворка мае шмат разнавіднасцяў, але горш за ўсіх з іх – хлусня. Той, хто на хлусню час губляе, пра гэта не шкадуе, а нават нос задзірае. Калі ён наіўнага слухача знаходзіць, калі той яго хлусню за праўду прымае, гэта яго ў захапленне прыводзіць. З божых рабоў ён горшы за ўсіх, ён будзе і Бог, і людзі асудзяць такіх. Паколькі да зла ідзе сам злашчасны хлус, з дома шчасця ён сыходзіць прэч без прымусу.

Бэйт:

З дому шчасця такіх людцаў прэч трэба гнаць;

Наш свет – дом шчасця, значыць, такім тут не след бываць.

 

***

Той, хто сваё ілжывае слова з некім звяжа, свой чорны твар алеем памажа.

Хлусня – цяжкі грэх, хоць бы яна была і нязначнай, бо атрута, калі яе нават мала, пагібельная і нясмачная.

Бэйт:

Атруты хоць і вельмі мала, усё адно заб’е яна,

Хоць вастрыё іголкі тонка, ёй можна асляпліць слана.

 

***

Той, хто ад аднаго чалавека да другога плёткі разносіць, адпушчаныя грахі людзей на сябе бярэ і яшчэ просіць. Данос непажаданы нават пра тое, што насамрэч ёсць, а што гаварыць пра яго, калі ён ілжывы? Даносчыкі ўсе, незалежна ад таго, данос іх праўдзівы ці не, – гэта лучыны для распалкі агню Апраметнай.

Бэйт:

Калі хто, сабраўшы плёткі, іх балбатунам аддасць,

Добры Пан яго, напэўна, кіне ў Пекла за іх жарсць.

 

***

Той, хто маецца хлусіць, збіваецца са шляху асцярожнасці і разважлівасці. Кожнае непраўдзівае слова не прымаецца да праўдзівымі людзьмі.

Хлус адзін ці два разы можа абдурыць людзей, ды ніхто не паверыць яго словам пасля таго, як ён праславіцца як хлуслівы ліхадзей.

Язык з’яўляецца духоўнай скарбніцы замком, а слова – да гэтага замка ключом.

Бэйт:

Слова нам пакажа, што на сэрцы ў таго, хто гаворыць. Хто мудры,

Той даведаецца, што ў казне захоўваецца – чысты жэмчуг або просты перламутр.

 

***

Праўдзівая гаворка важкая, кароткая гаворка захапляльная. Той, хто доўга гаворыць, надакучае, дурны той, хто ўвесь час адно і тое ж паўтарае.

Заганны той, хто шукае заганы ў іншых, няшчасны той, хто іншым пра іх кажа і піша. Той, хто бачыць у людзях добрае, заўважае годнасці людзей, – гэта ўладальнік правільнага гледжання і чыстых вачэй. У каго розум няладны, той гаворыць няскладна. Хто розумам здаровы, ад таго мы чуем часцяком прыгожае слова.

Той, хто словаў не падбірае, у сваіх справах пралік дапускае. Той, хто нясе лухту, потым раскайваецца.

Гаворка без красамоўства можа быць не надта прыгожай, але цалкам дастаткова, калі яна будзе ўпрыгожана праўдай. Чым гаворка манюкі яскравей, тым яго мярзотнасць робіцца ясней.

Праўдзівы, хоць яго гаворка і будзе бесцырымоннаю, не стане шкадаваць аб простасці сваіх выразаў. Ружа і ў ірванай адзежы выдатная, жамчужына ў пачварнай ракавіне прывабная. Гаворка з прыдумкай нідзе, акрамя паэзіі, не ўхваляецца, а той, хто кажа ілжывыя гаворкі, – дурнем называецца.

Бэйт:

Калі падман у словах тоіцца, мы гэта асуджаем,

Радком вершаваным падман той развянчаем.

 

***

Невук – асёл, і нават горшы за яго, таму што яго можна куды заўгодна вадзіць і на яго што заўгодна грузіць. Асёл не прэтэндуе на перавагу і досціп, ён заўсёды пакорлівы, дасі ты яму есці ці не. Ён – уючны нявольнік, але ён і магутны працаўнік.

У невука няма якасцяў асла, яго душа кепкія ўласцівасці набыла. Ён ганарысты і пыхлівы скнара, у галаве яго – сотні распусных мараў. Ён тоіць у сваёй душы сотні шкодных для людзей думак і падманаў, людзі могуць чакаць ад яго тысячы непрыемных неспадзяванак.

Крык асла непрыемны на слых, але іншых заганаў у ім няма. Ён з млына вязе да цябе дадому муку, а каб ты мог вырабіць з яе ежу, ён прывозіць табе дровы. Ён заўсёды гатовы працаваць. Невук будзе злавацца, калі яго ты назавеш аслом, а асёл на любыя словы не адказвае злом.

Бэйт:

У адных – адны выгоды, заганы – у другіх,

Мудрэц жа лёгка пойме, хто лепшы самы з іх.

 

***

Грубіян з кіслым тварам няшчасны вечна, што б ён ні рабіў, заўсёды будзе дрэнна. Яго нораў – гэта вораг, які яго сорамам пакрывае, гэта жорсткі вораг, які яго перамагае.

 

***

Ветлівы з усмешкай на твары, які сварак і непрыемнасцяў пазбягае, зямных выгод і нябеснага раю дасягае. Яго радасны твар дарагі людзям, народ захапляецца яго словамі. Ён чалавечнасцю пакарае сэрцы, чалавекалюбствам чаруе душы. І вораг і сябар яго паважаюць, няхай яго ўсе хваробы мінаюць.

Маснаві:

Радасць сэрцам засмучоным твару рысы прынясуць,

Словы стому і самоту вокамгненна прыбяруць.

Яго ўсмешка, быццам ружа, вы не знойдзеце чысцей,

Саладосці яго спеваў сам зайздросціць салавей.

 

***

Ня турбуйся з-за пагроз подлага зласліўца, не прымай за праўду хвалу лісліўцы. Калі ты не будзеш звяртаць на іх увагі і не прымеш іх словы за чыстую манету, то першы не адважыцца ажыццявіць свае пагрозы і іх спыніць, а другі – сваю хвалу ў зняслаўленне перакіне.

Маснаві:

Адзін да бліжняга імкнецца, каб толькі злоснасць наталіць,

I ў другога мэта ясна – сабе ён хоча свет здабыць.

І калі не пойдзеш ты насустрач, не спраўдзіш іх жаданні ім,

Той – ворагам заклятым стане, другі – паклёпнікам тваім.

 

***

Хоць непрыемная вестка і праўдзівая, не даводзь яе да слыху сяброў, калі хтосьці праявіў неразумнасць, не кажы яму ў твар аб ёй. Няхай вораг даставіць гэтую вестку першым, хай вораг прымушае неразумнага чырванець за свой учынак.

Маснаві:

Як слова сорам прынясе,

Ты не кажы, каб зналі ўсе.

Змаўчы, і сябар не забудзе,

Пакінь пагудку злосным людзям.

 

***

Мудры той, хто не гаворыць няпраўду, але ўсякую праўду таксама нельга казаць. Напрыклад, хтосьці касавокі. Гэта зроблена Богам, а не ім самім. Навошта казаць яму, што ён касавокі? Хоць гэта і праўда, што будзе добрага ў тым, што ты так скажаш? Бо так ты не прызнаеш дзеі Усявышняй Ісціны, дарма збянтжыш чалавека, выкрыеш сваё невуцтва і засмуціш чужое сэрца. Лепш пазбягай такой непрыемнай праўды, лічы, што прыемная хлусня тут будзе лепш.

Бэйт:

Калі падман змяшчае суцяшэнне,

Ён лепш за праўду, калі ў ёй – мучэнне.

 

***

Смяротныя людзі свае гідкія ўчынкі годнымі называюць, сваіх непрыстойных дзяцей выхаванымі ўяўляюць, як паэты, якія кепскія вершы складаюць. Бо гэта стварэнні іх – і дзеці, і вершы. Дрэнныя яны ці добрыя, але іх творцу яны здаюцца добрымі. Разумныя так не паступаюць, яны нічога не перабольшваюць, не прымяншаюць, усё ў натуральным выглядзе ўспрымаюць.

Маснаві:

Ад Бога ўсё добрае і ўсё благое,

Кліч добрае добрым, а злым заві злое.

Калі ж добрым дрэннае будзеш ты зваць,

За зло ты дабро станеш раптам прымаць.

 

***

Задаволенасць малым – залог незалежнасці, умова ўшанавання і павагі. Бядняк, задаволены малым, – гэта багацей, з якім не можа параўнацца ні цар, ні жабрак. Сквапнасць – прыкмета прыніжэння, сквапны багацей нізкі і пагарджаны.

Калі людзі не бяруць тое, што сквапнасць патрабуе браць, гэту адсутнасць сквапнасці можна крокам да шчодрасці назваць. Прыхільнікі такой шчодрасці – высакародныя, сквапныя ж людзі – нібы бязродныя.

Бэйт:

Сорам няшчасным, укушаным сквапнасці джалам,

Прарок мовіў так: “Той дарагі нам, каму трэба мала”.

 

***

Усё, што лёгка даецца, не шануецца, яно не заслугоўвае высокай пахвалы. З кожнай печы выходзіць па тысячы гліняных чаш, таму кошт такой чашы – медны грош. Калі штодня іх па сто штук будуць разбіваць, ніхто пра гэта не будзе сумаваць. Але кошт фарфоравай чашы адпавядае працы, затрачанай на яе выраб, і берагуць яе адпаведна з коштам. Тое, што нізка па кошце, не будзе паважаць ніхто нізавошта.

Бэйт:

І чым цяжэй знайсці тавар, тым больш каштоўны ён,

Таму і пра́гнуць мець яго купцы з усіх старон.

 

***

Шляхам цярпення многія цяжкія задачы знаходзяць рашэнне. Той, хто ўвесь час спяшаецца, шмат спатыкаецца, а хто шмат спатыкаецца, часта падае і пастаянна каецца.

Паспешлівасць у справах – гэта ўласцівасць юнака неспрактыкаванага; цярпліва здзяйсняць любую справу – гэта ўласцівасць мужа сталага і адукаванага.

Бэйт:

Хто паспешлівасць не любіць, паспешных дзеяў, хуткіх слоў,

Той вырабіць і шоўк з тута, і мёд з пялёсткаў узяць гатоў.

 

***

Подлы чалавек, які прывык смяяцца з пустога, пяткі казыча, каб рассмяшыць пустасмеха дурнога. Сярод распуснікаў блазен, мэта якога – смяшыць людзей, падобны на блудніцу сваімі паводзінамі і складам ідэй.

Жартаваць непрыстойна, калі гэта закранае кагосьці асабіста. Таго, што дрэнныя людзі ўчыняюць, добрыя людзі пазбягаюць.

Жарт узнікае ў стане весялосці, ён добры, калі з’яўляецца прычынай радасці, а не злосці. Добра, калі ў ім грубых выразаў нее сустракаецца, калі ад яе ніхто не бянтэжыцца і не засмучаецца. Такі досціп дазволены, а тое, што пераходзіць яго межы, – забаронена.

Бэйт:

Жарт выдатны, як праўда аздобіць яго,

Ад людзей жа за глупства чакаць нам чаго?

 

***

Віно піць бароніць нам Божае слова, набожны адкінуць бутэльку гатовы.

Нельга піць на людзях і памногу, не трэба хваліцца п’янствам і піць зрэдчас і трохі. Піць мала – уласцівасць мудрых, піць таемна – якасць разумных. Здаровыя людзі могуць трохі глынуць – каб пазабавіцца, але перапіць – значыць здароўя пазбавіцца. Чалавек, пазбаўлены маральнасці, хутка паддаецца распусце, і другі амаральны чалавек лёгка яго ў п’янства апусціць. І чым больш такой слабавольны віна выпівае, тым больш ён волю губляе. Чым больш яму шкоды ад віна, тым мацней яно яму падабаецца. Ад пастаяннага п’янства чаго добрага п’яніца чакае, бо ён, губячы чалавечую годнасць, чарамі атруту выпівае! Спевы п’яных нахабнікаў і гуляк падобна на брэх шалёных сабак. П’яніцы лічаць цвярозага сярод іх п’яніцам сярод цвярозых.

Напаказ маліцца – забаронена шарыятам, а адкрыта грашыць і наогул не варта.

Бэйт:

Каб нам заўсёды жыць шчасліва, Пан Бог клапоціцца пра нас,

Ён загадаў, каб не чынілі мы грэх і подзвіг напаказ.

 

***

Той, хто шмат гавора і заўжды аб’ядаецца, той у хіба ў Пекла хутчэй трапіць збіраецца. Той, хто любіць балбатаць і абжорствам забаўлены, той гонару і мудрасці пазбаўлены.

Зайздроснік – хворы зайздрасцю злою, які з-за пагібельнай хваробы страціў здароўе.

Той, хто ліхаслоўем жыве, бруд жуе.

Тыя, хто опіум і анашу ўжываюць, людское аблічча губляюць.

Сквапны ўвесь час па чужой маёмасці бядуе і жыццём рызыкуе.

Калі мужчына, стаўшы ўдаўцом, шмат прыбіраецца, ён становіцца падобным на жанчыну.

Бэйт:

Мужчыну ўпрыгожваюць веды і мудрасць,

Жанчынаў аздоба – адзенне і пудра.

 

***

Мужчына ў гадах, які сябе ўпрыгожваць стане – нібы падлетак, што яшчэ ў жыцці не цяміць.

Калі малодшы паводзіць сябе, як старэйшы, гэта сведчыць аб тым, што ён пазбаўлены розуму і сораму.

Стары, які фарбуе бараду басмой, падобны на юнака, які мые яе ружовым алеем.

Бедны, які бярэ пазыку, каб прамантачыць гэтыя грошы, зразае сваю бараду і становіцца прадметам здзекаў. Калі адсоткі па пазыцы ўзрастуць, яму надзенуць на шыю калодку і ў вязніцу павалакуць.

Калі мужчына празмерна прыбіраецца, гэта з боку разумных людзей разумным не ўважаецца.

Рубаі:

У Рамазана ноч сябе намажуць дзеці хной,

Красуня шоўкам стан аздобіць свой,

Але належыць строгай быць бабулі ўбеленай, старой,

Інакш смяяцца будзе мудры над прыхаванай сівізной.

 

***

Калі багач носіць халат зрэбны – гэта ўсё роўна, што атласныя адзенні будзе насіць бедны.

Добры застаецца добрым і ва ўборы ірваным, ружа выдатная і ў адзенні з лапікаў тканых.

 

***

Зорка Зухаль сонца не зацмяніць, хоць высокае месца займае, вычварны дзіў нават у райскіх адзеннях ад дзівоснай перы адрозненне мае. Старая не зможа быць прыгажуняй гарэма, гіена не стане газеллю.

Старая блудніца ў румянах і басме – гэта руіна разламаная, у зялёную і чырвоную фарбу пафарбаваная.

 

***

Калі гаспадар ў прысутнасці гаспадыні на служанку перакідаецца, падол жаночага гонару гаспадыні рабом апаганьваецца і сорамам пакрываецца.

Бэйт:

Калі мужчына не жадае праўду славіць,

Хай наракае на сябе, як гора стане правіць.

 

***

Невуку не кажы важных рэчаў, ён прагаворыцца па дурасці, не кажы яму аб разумных рэчах, ён не зразумее іх па сваёй тупасці. З ім трэба менш размаўляць, а лепш і зусім не рота не раскрываць.

 

***

Выяўляць тайныя недахопы людзей – значыць губляць іх давер і паступаць блага ў дачыненні да чалавека, падобнага на цябе. Гэтым ты не толькі іншых людзей выкрываеш, але і свае ўласныя падобныя заганы выяўляеш.

Бэйт:

Хто ўсім людзям нясе свае папрокі, быццам п’яны,

Той рызыкуе, што ў ім знайдуць горшыя заганы.

 

***

Той, хто не кіруецца тымі ведамі, якія ён набывае, падобны на таго, хто крыты канал будуе, але зямлю не засявае, ці нават засявае, а ўраджаю не атрымае.

Бэйт:

Хто веды збіраў, а да справы не стаў іх прыкладаць,

Падобны на сейбіта, што ураджай не думае сабіраць.

 

***

Неразумны ўчынак – трызненні п’янага ўслых асуджаць. Вар’яту лепш сказаць што-небудзь ціха або зусім прамаўчаць.

Бэйт:

Калі сустрэнеш цяжкасць на жыццёвай пуцявіне,

То розум з мудрасцю ў бядзе цябе не кінуць.

 

***

Калі ты на кінуты камяк бруду адкажаш кулаком, то ў ірванай адзежы і з выдранай барадой вернешся ў свой дом.

 

***

Той, хто не прыслухаецца да сяброўскай парады, сам сябе карае тым, што каецца ў грахах і сам не рады.

Бэйт:

Уважліва слухай ад мудрых парады,

Не будзе табе ў іх ні шкоды, ні страты.

 

***

Калі няўмека ў прысутнасці майстра псуе справу, ён усю віну звальвае на недастатковае майстэрства яго; калі стрэпет не адольвае ястраба, саломай закідвае яго.

Бэйт:

Ляжыць бяссільны, ворагам пабіты, і злуе,

Не ў сілах біцца ён, і ў твар яму плюе.

 

***

Каб задаволіць свой запал, рыбак кідае кручок ў ваду; рыба ж, хочучы супакоіць сваю пашчу, трапляе на вуду.

Бэйт:

Запал ёсць пастка для дзічыны і для паляўнічых.

Інакш бы не было ні паляўнічых, ні здабычы.

 

***

Мала гаварыць – прыкмета мудрасці, мала есці – залог здароўя. Казаць усё, што ўзбрыдзе ў галаву, – якасць невука, у якога розум сышоў з тропу; ўласцівасць жывёлы – чым папала, набіваць сваё нутро.

Бэйт:

Паменш, мой сябар, балбачы і дурнем бойся быць,

Паменш, мой дружа, еш і пі, бо быдла будуць біць.

 

***

Не радуйся, калі магутны вораг становіцца тваім падначаленым, не забывай пра яго сіле, не будзь бестурботным. Караць яго трэба асцярожна, даглядаць за ім трэба мудра.

Бэйт:

Ворага можаш хваліць ці пужаць – не будзе табе паратунку імгнення,

Ворагаў кінь ты штодня нажываць – тады ад бяды знойдзеш хвілю збавення.

 

***

Вучоны, які хоча ў няведанні выкрыць невука і важкімі аргументамі яго акружае, тым самым сам сябе абражае. Вучоны павінен ведаць сваё становішча і свае веды любіць, ён не павінен для праверкі жамчужынай па камені біць.

Бэйт:

Калі самацветам ты будзеш біць аб камень,

Раней што разаб’ецца, не толькі мудры сцяміць.

 

***

Калі пярліна ўпадзе ў бруд, яна застанецца дарагой, калі ракавінку прышыць да кароны, яна не стане ад гэтага бірузой.

Кыта:

Дзяўчына непрыгожая – хоць плач,

Красуняй ёй не быць, хоць і шчыруе;

А свечка – чым цямней вакол імгла,

Тым больш яе святло чаруе.

 

***

Не выхоўваць здольнага – несправядліва, выхоўваць няздольнага – дарэмная праца. Першага не губі, пакінуўшы без выхавання, на другога не губі працы, каб яго выхаваць.

Кыта:

Выхаванне здольнага – нібыта жэмчуг,

Хоць у брудзе будзе, ды ачысціш неяк.

А сабачы аточак – хоць вадой яго мый, хоць віном,

Вінаград ты не зробіш: лайно ёсць лайно.

 

***

Пачатак насмешкі непавагу выклікае, у канцы насмешкі сварка ўзнікае. Празмерныя заляцанні заслону сарамлівасці разрываюць, пасля чаго нават сарамлівыя і ветлівыя людзі становяцца нахабнымі. Старайся не разбурыць будынкі павагі і ветлівасці, не выходзь з пакою пашаны і прыязнасці.

Рубаі:

Выхаванне і сціпласць ёсць сведчанні веры,

Павага, пакорлівасць – шчасце без меры,

Сарамяжлівы будзе шчаслівым заўсёды,

Перад ім ласкі Божай адчынены дзверы.

 

***

Распуснік сярод усіх народаў – невук, і невуцтва яго расце, калі ён хаваецца сярод аскетаў; распуста ганебная ва ўсіх формах, але горш за ўсё, калі яна праяўляецца ў форме пабожнасці. Ты будзь такім, якімі з’яўляюцца тыя, хто з табой, паказвай сапраўднае твар свой.

Маснаві:

Ты сціпла і ветліва руш па жыцці,

Цярплівасць з павагай ты мусіш нясці.

Як людзі навокал, такім будзь і ты,

Дарогай шырокай вам разам ісці.

 

***

Пралікі і памылкі дапускаюць людзі, хто заўважае і ўлічвае іх, той шчасным будзе. Выпраўляе памылку, хто прызнаецца ў ёй, павялічвае памылку, хто імкнецца апраўдацца ў дурасці сваёй. Чым больш такі чалавек стараецца давесці сваю правату, тым яго памылка відней, чым пышлівей стаіць на сваім, тым больш ганьбіць сябе між людзей.

Маснаві:

Як выправіць захочаш ты віну сваю рукой,

Перад усімі мусіш тут прызнацца зразу ў ёй.

Калі ж пачнеш спрачацца ты ды сведак тут шукаць,

То будзеш асуджэнне ўсіх йшчэ болей выклікаць.

 

***

Калі пажылыя людзі ў гаротнае становішча трапляюць, калі яны не могуць заняцца рамяством, а прасіць не жадаюць, спяшайся такім дапамогу аказаць і памагай ім, пакуль сілаў хапае. Падаваць жа маладому жабраку, які можа рыдлёўку трымаць ці дровы цягаць, – гэта значыць Божае дабро ў ваду кідаць.

***

Багацей, прагны да багацця, нават у прыгожай залататканы вопратцы падобны на бліскучую муху, якая сядзіць на памыях.

 

***

Той, хто распытвае аб тым, чаго не ведае, выяўляе сваю вучонасць, той, хто саромеецца распытваць, паказвае сваё глупства. Патроху пераймаючы веды, чалавек навукоўцам становіцца, калі шмат кропель збярэцца, мора ўтворыцца. Той, хто пазбягае вучобы, – гультай, той, хто для гэтага знаходзіць адгаворку, – нягоднік, і тым, хто імкнецца набыць веды, ты перад імі перавагу аддай!

Бэйт:

Хоць і не ведае нічога, дурны і ведаць не імкне,

Мудрэц жа ведаў мае многа, ды веды вабяць, як раней.

 

***

Мудры сын жабрака – суразмоўца вялікіх людзей, нядбайны сын багацея – таварыш зладзеяў і сам зладзей. У ведах і вучонасці першага маюць патрэбу цары, з-за невуцтва і упартасці другога ад яго ўцякаюць людзі.

Кыта:

На свеце многа ёсць цудоўных беднякоў,

Якім султан заўжды удзячны за параду,

І багацеяў шмат, духоўных жабракоў,

Якім султан з-за пыхі іх не рады.

 

***

Лепш быць спакойным і ёсць нішчымную зацірку ў абозе, чым ёсць здобныя калачы і быць у пастаяннай трывозе. Лепш сядзець на зямлі ў зношаным халаце, чым, перад некім ў залататканым каптане халопам стаяці.

Кыта:

Той жабрак, што ў куце закімарыў на цыноўцы,

Ды вольна ад жыццёвых клопатаў жыве,

І ці не лепш жыве жабрак, чым пан багаты,

Што на пярыне спіць, ды рабскі існуе?

 

***

Сабака – нізкае стварэнне, а чалавек двух сусветаў варты, безумоўна, ды верны сабака лепш людскіх сыноў падступных і вераломных.

Кыта:

Ад подлых, падступных далей ты трымайся,

Прыгнёту і крыўд ад іх асцерагайся,

Лепш сабаку служыць, калі той не ўцячэ,

А служэнне падступным не раз апячэ.

 

***

Прагны не здольны ні на што, акрамя абжорства за кошт чужы, ад эгаіста нічога не чакай, акрамя балбатні аб сабе, дзе ты і слова не скажы.

Маснаві:

Дай яму кавалак больш ды тлусцей падліўкі,

Ён сваю талерку ліжа, аб усіх забыўшы,

Той аб доблесці балбоча, пра сваю мараль,

Ад нуды ўсе пазяхаюць, сапсаваны баль.

 

***

Разумны з памылак іншых здабывае ўрок рана і становіцца на праўдзівы шлях перш, чым будзе выкрыта яго загана.

Кыта:

Мудрэц хібу заўважае – і бярэ з яе ўрок,

Па дарозе праўды рушыць ён дае сабе зарок,

Хібу выправіць павінен, каб не ткнулі на яе,

Мудры мусіць ведаць добра ўсе памылкі сам свае.

 

***

Юнацтва – вясна кветніка жыцця, святло жыццёвай апачывальні. Ад гэтай вясны кветкі радасці і весялосці расцвітаюць, яркія прамяні гэтага святла дом захаплення і радасці азараюць.

Юнацтва – гэта моц і сіла людзей, у ім прыгажосць чалавека і яго вытанчанасць. У юным узросце ўсё пачуцці вострыя і адчуванні моцныя, цела выдатна і ўсе яго органы таксама; у душы трывога кахання з’яўляецца, сэрца да хітравокіх прыгажунь звяртаецца.

Ад юнацтва ў маладых людзей вытанчанасць, з-за яе адсутнасці пажылыя праліваюць слёзы. Яна дае сілу імкненню ў заможных да ўлады і дае шпаркасць нагам людзей, што бягуць ад ураду. Юнацтва дазваляе майстэрскім наезнікам на арэне сваё майстэрства паказаць, весялосць юнацтва дае скакуну сілу скакаць.

У юнацтве грэшным шляхам запал задавальняюць, у юнацтве шляхам набажэнства духоўнай дасканаласці дасягаюць.

Гулякам у шынках у юнацтве прыемна піць і гуляць, а набожным ў юныя гады прыемна быць справядлівымі і Богу малітвы адпраўляць.

Рубаі:

Шануйма юнацтва, мілая дзятва,

Старым няма радасці з ежы і пітва,

І жывіце радасна, зайздрасці не меўшы,

Шчасцем суцяшайцеся, свет абняць умеўшы.

 

***

Старасць – гэта пахмелле ад віна юнацтва, гэта хваравітасць пасля юнацкага здароўя.

Яна жыццярадасных людзей засмучае, да развітання з жыццём іх спіну схіляе.

У сталым узросце галіны мар і спадзяванняў ламаюцца, чалавек ад усялякіх намераў і дзеянняў адракаецца. Ён перастае думаць пра тое, каб ўзвышацца, ад слёз раскаяння і крыўды цялесная крэпасць пачынае разбурацца.

Старасць – вязніца няздзейсненых надзей, старасць – дом смутку і роспачы.

Сагнёнае тулава пажылога чалавека азначае, што зямля яго чакае, важкі доказ гэтаму – што ён прыгажунь агіду мае.

Рукі яго трасуцца, бо ён прагне піць віно існавання неўміручага, вочы яго слязяцца, бо ён ахоплены хваляваннем пасмяротнай жалобы, калі цела з душой будзе разлучана.

Замест памяці надыходзіць забыццё, пажылы забывае вучэнне, забывае і само забыцці жыццё. Цела здароўе губляе, розум галаву пакідае.

Юнакі дзівяцца, што ён ўсяму здзіўляецца, дзеці з яго лядашчасці насміхаюцца. З-пад кожнай валасінкі якая-небудзь хвароба выглядвае, ва ўсім недамаганне, паўсюль – старасць непраглядная.

Жонка і дзеці стамляюцца яго даглядаць, слугі перастаюць яму дагаджаць. У целе яго збіраюцца разнастайныя хваробы. З-за мноства хвароб яму надакучае жыццё.

Жыць яму цяжка з-за непаслушэнства сваякоў, жыццё яго горкае з-за патрэб яго сяброў. Сліна яго соль яго слоў змывае, ваду яму добрыя людзі ў рот сілком ўліваюць. Вусны яго не змыкаюцца, нібы ён сам над сваім станам насміхаецца. Галава ўпасці на грудзі гатова, з скрыначкі рота сыплюцца самацветы зубоў. Надзея на вылячэнне ад сэрца яго выдаляецца, смерць у параўнанні з такім жыццём у сто разоў лепшай уяўляецца.

Рубаі:

Маладосць сыходзіць, старасць настае,

І цяпла для крыві ўжо не стае,

І напой жыцця больш не вабіць рот,

Лепей смерць, чым цяжкі ад жыцця прыгнёт.

Рубаі:

Шкада, маладосць знікла, прапаў апошні след,

І старасць падабралася з чаргі бясконцых бед.

Калі пражыў заможна хоць сто гадоў, ды ў час

Памерці не жадае. Як быць, хто дасць адказ?

 

***

Наколькі ж далёкая трывалая зямля ад нябёсаў, што круцяцца, як далёкі нерухомы прах зямл







Живите по правилу: МАЛО ЛИ ЧТО НА СВЕТЕ СУЩЕСТВУЕТ? Я неслучайно подчеркиваю, что место в голове ограничено, а информации вокруг много, и что ваше право...

Что делает отдел по эксплуатации и сопровождению ИС? Отвечает за сохранность данных (расписания копирования, копирование и пр.)...

Что делать, если нет взаимности? А теперь спустимся с небес на землю. Приземлились? Продолжаем разговор...

Что будет с Землей, если ось ее сместится на 6666 км? Что будет с Землей? - задался я вопросом...





Не нашли то, что искали? Воспользуйтесь поиском гугл на сайте:


©2015- 2024 zdamsam.ru Размещенные материалы защищены законодательством РФ.