Сдам Сам

ПОЛЕЗНОЕ


КАТЕГОРИИ







Метадычныя прынцыпы адбору зместу навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі





· Прынцып вядучай ролі арыфметычнага матэрыялу. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам асноўнае месца ў змесце вучэбнага прадмета “Матэматыка” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца фарміраванню паняцця цэлага неадмоўнага ліку.

· Прынцып канцэнтрызму ў вывучэнні арыфметычнага матэрыялу. Згодна з дадзеным прынцыпам арыфметычны матэрыял на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі структуруецца па канцэнтрах: спачатку вывучаюцца адназначныя лікі, потым двухзначныя лікі, далей – трохзначныя лікі і мнагазначныя лікі да мільёна. Вылучэнне канцэнтраў звязана з асаблівасцямі дзесятковай сістэмы злічэння. У кожным канцэнтры навучэнцы знаёмяцца са спосабамі ўтварэння, чытання і запісу лікаў, паслядоўнасцю лікаў, вучацца параўноўваць лікі і выконваць над імі арыфметычныя дзеянні.

· Прынцып узаемасувязі змястоўных ліній вучэбнага прадмета “Матэматыка”: арыфметычнага матэрыялу, велічынь, геаметрычнага матэрыялу, элементаў алгебры. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам змястоўныя лініі вучэбнага прадмета “Матэматыка” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўзаемазвязаны і дапаўняюць адна адну. Вучэбны матэрыял, які вывучаецца ў рамках адной тэмы, спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу другой лініі (перавод з адных адзінак вымярэння ў іншыя спрыяе замацаванню нумарацыі лікаў; рашэнне ўраўненняў заснавана на веданні сувязі паміж кампанентамі і вынікамі дзеянняў; вылічэнне перыметра прамавугольніка звязана з веданнем уласцівасцей арыфметычных дзеянняў і інш.). На кожным уроку комплексна рашаюцца задачы па фарміраванні ўяўленняў пра лік, велічыню, геаметрычныя фігуры і элементы алгебры.

· Прынцып інтэграцыі вучэбнай матэматычнай тэорыі і практыкі рашэння тэкставых задач з прыкладным зместам. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам асаблівая роля ў вучэбным прадмеце “Матэматыка” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца тэкставым задачам, на прыкладзе якіх навучэнцы знаёмяцца з магчымасцямі прымянення матэматычнай тэорыі для рашэння прыкладных праблем.

· Прынцып спалучэння гульнявой і вучэбна-пазнавальнай дзейнасці пры навучанні матэматыцы. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вялікае значэнне надаецца выкарыстанню ў навучанні дыдактычных гульняў. У гэты перыяд адбываецца змена вядучага віду дзейнасці (пераход ад гульнявой да вучэбна-пазнавальнай). Дыдактычная гульня інтэгруецца ў вучэбна-пазнавальную дзейнасць, з аднаго боку, ствараючы магчымасці для вывучэння вучэбнага матэрыялу на даступным для навучэнцаў узроўні, з другога боку – стымулюючы развіццё цікавасці да матэматыкі.

· Прынцып навучання матэматыцы на аснове дзейнасці мадэліравання. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам навучанне матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана не толькі на засваенне даступнай для навучэнцаў матэматычнай тэорыі, але і на фарміраванне ў іх пачатковых уяўленняў пра метады пабудовы матэматычных мадэляў. Уменне прадстаўляць істотныя характарыстыкі вывучаемых аб’ектаў з дапамогай мадэляў розных відаў спрыяе ўсвядомленаму фарміраванню матэматычных паняццяў і спосабаў дзейнасці, аказвае станоўчы ўплыў на развіццё пазнавальнай самастойнасці навучэнцаў.

Характарыстыка зместу навучання матэматыцы

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

У змесце вучэбнага прадмета “Матэматыка” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вылучаюцца наступныя асноўныя лініі:

· арыфметычны матэрыял;

· велічыні і іх вымярэнне;

· геаметрычны матэрыял;

· алгебраічны матэрыял.

З дапамогай простых і састаўных тэкставых задач навучэнцы ўдакладняюць і абагульняюць веды і ўменні, атрыманыя пры вывучэнні арыфметычнага і геаметрычнага матэрыялу, асноўных велічынь і элементаў алгебры. Тэкставыя задачы даюць магчымасць прымяняць матэматычную тэорыю для вырашэння практычных праблем. У працэсе рашэння задач развіваюцца маўленне, увага, уяўленне і мысленне навучэнцаў. Змест тэкставых задач забяспечвае пашырэнне кругагляду навучэнцаў, дазваляе рэалізаваць выхаваўчую функцыю навучання.

Вядучая роля ў навучанні матэматыцы адводзіцца арыфметычнаму матэрыялу. Арыфметычны матэрыял вывучаецца канцэнтрычна: адназначныя лікі, двухзначныя лікі да 20, лікі ад 21 да 100, трохзначныя лікі, мнагазначныя лікі ад 1000 да 1 000 000. Пераход да новага канцэнтра суправаджаецца не толькі пашырэннем мноства вывучаных лікаў, але і сістэматызацыяй ведаў, увядзеннем новых паняццяў і спосабаў дзеянняў у дзейнасць навучэнцаў. Лінія велічынь, геаметрычны і алгебраічны матэрыял з’яўляюцца спадарожнымі для лініі лікаў і арыфметычных дзеянняў. Знаёмства з велічынямі, вывучэнне элементаў геаметрыі і алгебры размеркавана па адпаведных канцэнтрах.

Арыфметычны матэрыял

Натуральныя лікі і нуль, арыфметычныя дзеянні над імі. У навучэнцаў фарміруюцца ўяўленні пра натуральны лік як вынік лічэння і вымярэння велічынь, пра ўтварэнне, паслядоўнасць, чытанне, запіс лікаў, іх разрадным састаў, пра параўнанне лікаў, арыфметычныя дзеянняі над імі (складанне, адніманне, множанне, дзяленне), пра ўласцівасці арыфметычных дзеянняў (перамяшчальная ўласцівасць складання і множання, спалучальная ўласцівасць складання і множання, размеркавальная ўласцівасць множання), а таксама заснаваныя на гэтых уяўленнях уменні і навыкі.

Долі. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з паняццем долі як адной з роўных частак цэлага (прадмета, геаметрычнай фігуры, велічыні), вучацца параўноўваць долі на практычнай аснове, рашаць тэкставыя задачы на знаходжанне долі ліку і ліку па яго долі.

Велічыні і іх вымярэнне

У цеснай сувязі з арыфметычным матэрыялам раскрываецца паняцце велічыні. Важным з практычнага пункта гледжання з’яўляецца навучанне вымярэнню велічынь. Навучэнцы атрымліваюць уяўленне аб тым, што лік з’яўляецца вынікам вымярэння велічынь.

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з такімі велічынямі, як даўжыня, плошча, маса, час, і з адзінкамі іх вымярэння. Вызначэнне значэнняў гэтых велічынь заснавана на выкарыстанні вымяральных інструментаў і вылічэнняў. Пры рашэнні тэкставых задач навучэнцы таксама знаёмяцца з прапарцыянальнымі велічынямі, лікавыя значэнні якіх вызначаюцца з дапамогай вылічэнняў (хуткасць, час, адлегласць; цана, колькасць, кошт; ураджайнасць, плошча, ураджай і інш.).

Геаметрычны матэрыял

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з геаметрычнымі фігурамі (пункт, прамая, адрэзак, ломаная, вугал, многавугольнік, прамавугольнік, квадрат, акружнасць, круг і інш.); вучацца знаходзіць даўжыні адрэзка і ломанай, перыметр многавугольніка, плошчу геаметрычнай фігуры з дапамогай палеткі, вылічваць плошчу прамавугольніка па даўжынях яго старон, будаваць геаметрычныя фігуры. Навучэнцы выконваюць заданні з геаметрычным зместам, накіраваныя на фарміраванне прасторавых уяўленняў. Знаёмства з геаметрычнымі целамі (куб, прызма, піраміда, цыліндр, конус, шар) у працэсе навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на прапедэўтычным узроўні.

Алгебраічны матэрыял

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з алгебраічнымі паняццямі (лікавы выраз, роўнасць, няроўнасць, пераменная, выраз з пераменнай, ураўненне); вучацца чытаць і запісваць выразы, знаходзіць іх значэнні на аснове правіл парадку выканання дзеянняў, адрозніваць правільныя і няправільныя роўнасці і няроўнасці, абазначаць пераменную літарамі лацінскага алфавіта, знаходзіць значэнне выразу пры зададзеным значэнні пераменнай, рашаць ураўненні на аснове ўзаемасувязі паміж кампанентамі і вынікамі арыфметычных дзеянняў.

 

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА (120 г)

Параўнанне прадметаў і мностваў прадметаў,

прасторавыя і часавыя ўяўленні

Атаясамліванне і адрозніванне прадметаў па адной уласцівасці: форме (круглыя, трохвугольныя, квадратныя, прамавугольныя), памеры (малыя, вялікія), колеры. Прасторавыя ўяўленні: зверху, знізу, вышэй, ніжэй, злева, справа, лявей, правей, перад, за, паміж, побач. Часавыя ўяўленні: спачатку, потым, раней, пазней, да, пасля; раніца, дзень, вечар, ноч. Поры года: вясна, лета, восень, зіма.

Класіфікацыя прадметаў па адной і дзвюх уласцівасцях. Упарадкаванне прадметаў дадзенага мноства. Параўнанне мностваў прадметаў па колькасці: столькі ж, больш, менш, больш на, менш на.

Назвы лікаў ад 1 да 20. Лічэнне прадметаў у межах 20.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці

навучэнцаў па раздзеле “Параўнанне прадметаў і мностваў прадметаў, прасторавыя і часавыя ўяўленні”

Ведаць:

прыметы параўнання прадметаў і груп прадметаў;

прасторавыя катэгорыі (зверху, знізу, вышэй, ніжэй, злева, справа, правей, лявей, перад, за, паміж, побач);

часавыя катэгорыі: (спачатку, потым, раней, пазней, да, пасля; раніца, дзень, вечар, ноч; вясна, лета, восень, зіма);

назвы лікаў ад 1 да 20.

Умець:

лічыць прадметы ў межах 20;

параўноўваць колькасці мностваў прадметаў;

даваць характарыстыку размяшчэнню прадмета ў прасторы;

вызначаць часавую паслядоўнасць падзей;

упарадкоўваць прадметы па памеры.

Адназначныя лікі (42 г)

Назвы, паслядоўнасць і абазначэнні адназначных лікаў ад 1 да 9.

Лік 0 і яго абазначэнне.

Утварэнне ліку дадаваннем адзінкі да папярэдняга ліку, аднімання адзінкі ад наступнага ліку. Знакі “+”, “-”.

Параўнанне лікаў. Знакі “>”, “<”, “=”.

Састаў адназначных лікаў. Складанне і адніманне адназначных лікаў на практычнай аснове (з дапамогай лічэння прадметаў). Складанне і адніманне з нулём.

Рашэнне простых задач, якія раскрываюць канкрэтны сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання.

Прамая. Пункт. Адрэзак.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці

навучэнцаў па раздзеле “Адназначныя лікі”

Ведаць:

спосабы ўтварэння, паслядоўнасць і абазначэнні адназначных лікаў;

састаў адназначных лікаў;

назвы і абазначэнні арыфметычных дзеянняў складання і аднімання;

адносіны паміж лікамі (больш, менш, роўна);

матэматычныя знакі “>”, “<”, “=”;

структуру задачы, узаемасувязь паміж умовай і пытаннем;

назвы геаметрычных фігур (пункт, прамая, адрэзак).

Умець:

чытаць, запісваць і параўноўваць лікі першага дзясятка;

утвараць лікі шляхам дадавання адзінкі да папярэдняга ліку, аднімання адзінкі ад наступнага ліку;

дадаваць і аднімаць адназначныя лікі на практычнай аснове (з дапамогай лічэння прадметаў);

рашаць простыя задачы, якія раскрываюць канкрэтны сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання.

Двухзначныя лікі (60 г)

Лік 10. Дзясятак. Састаў ліку 10. Утварэнне лікаў ад 11 да 20. Назвы, чытанне і запіс лікаў ад 11 да 20. Дзесятковы састаў двухзначных лікаў у межах 20. Параўнанне лікаў у межах 20.

Назвы кампанентаў і вынікаў складання і аднімання. Перамяшчальная ўласцівасць складання. Узаемасувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання.

Табліца складання лікаў у межах 10 і адпаведныя выпадкі аднімання. Прыёмы складання і аднімання лікаў: прылічванне (адлічванне) па адным, складанне (адніманне) па частках, складанне з выкарыстаннем перамяшчальнай уласцівасці складання, адніманне з апорай на сувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання.

Пазатаблічнае складанне і адніманне лікаў у межах 20 без пераходу праз дзясятак.

Лікавыя выразы ў 1–2 дзеянні з лікамі ў межах 20 без дужак: чытанне, запіс, знаходжанне значэння.

Падбор невядомага кампанента складання (аднімання) па вядомых кампаненту і выніку.

Рашэнне простых задач на павелічэнне (памяншэнне) ліку на некалькі адзінак.

Рашэнне простых задач на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах).

Адзінкі даўжыні: сантыметр, дэцыметр. Даўжыня адрэзка. Параўнанне адрэзкаў па даўжыні. Вымярэнне даўжыні адрэзка з дапамогай лінейкі. Пабудова адрэзкаў зададзенай даўжыні. Параўнанне лікавых значэнняў даўжыні. Складанне і адніманне лікавых значэнняў даўжыні.

Адзінка часу гадзіна. Вызначэнне часу па цыферблатным гадзінніку з дакладнасцю да гадзіны.

Адзінка масы кілаграм. Маса прадмета. Параўнанне прадметаў па масе. Знаёмства з вагамі.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па раздзеле “Двухзначныя лікі да 20”

Ведаць:

спосабы ўтварэння, паслядоўнасць і абазначэнні лікаў ад 10 да 20;

дзесятковы склад лікаў ад 10 да 20;

назвы кампанентаў і выніку дзеянняў складання і аднімання;

перамяшчальную ўласцівасць складання;

узаемасувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання;

табліцу складання лікаў у межах 10 і адпаведныя выпадкі аднімання;

назвы геаметрычных фігур (пункт, прамая, адрэзак, круг, трохвугольнік, квадрат, прамавугольнік);

назвы адзінак даўжыні (дэцыметр, сантыметр), часу (гадзіна), масы (кілаграм).

Умець:

чытаць, запісваць і параўноўваць лікі ў межах 20;

складаць і аднімаць лікі ў межах 20 без пераходу праз дзясятак;

падбіраць невядомыя кампаненты складання (аднімання) па вядомых кампаненце і выніку;

чытаць і запісваць лікавыя выразы ў 1–2 дзеянні без дужак з лікамі ў межах 20, знаходзіць іх значэнні;

рашаць простыя задачы на павелічэнне (памяншэнне) ліку на некалькі адзінак;

рашаць простыя задачы на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах);

параўноўваць, складаць і аднімаць лікавыя значэнні вывучаных велічынь;

выражаць значэнне даўжыні ў розных адзінках вымярэння (дэцыметр, сантыметр);

чарціць адрэзак зададзенай даўжыні і вымяраць даўжыню адрэзка;

вызначаць час з дакладнасцю да гадзіны;

распазнаваць і называць вывучаныя геаметрычныя фігуры;

карыстацца вывучанай матэматычнай тэрміналогіяй.

Паўтарэнне вывучанага ў І класе (10 г)

Адназначныя лікі: утварэнне, паслядоўнасць, чытанне, запіс. Састаў лікаў у межах 10. Двухзначныя лікі да 20: утварэнне, паслядоўнаць, чытанне, запіс. Дзесятковы састаў двухзначных лікаў да 20. Параўнанне лікаў у межах 20.

Таблічнае складанне лікаў у межах 10 і адваротныя выпадкі аднімання.

Пазатаблічнае складанне і адніманне лікаў у межах 20 без пераходу праз дзясятак.

Знаходжанне значэнняў выразаў у 1–2 дзеянні без дужак з лікамі ў межах 20.

Рашэнне простых задач, якія раскрываюць сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання, на памяншэнне і павелічэнне ліку на некалькі адзінак.

Рашэнне простых задач на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах)

Геаметрычныя фігуры: распазнаванне квадрата, круга, трохвугольніка, прамавугольніка. Атаясамліванне і адрозніванне фігур па памеры і колеры. Прамая. Пункт. Адрэзак.

Адзінкі даўжыні: дэцыметр, сантыметр. Вымярэнне даўжыні адрэзка з дапамогай лінейкі. Пабудова адрэзка зададзенай даўжыні.

Адзінка часу гадзіна. Вызначэнне часу па цыферблатным гадзінніку з дакладнасцю да гадзіны.

Адзінка масы кілаграм. Параўнанне прадметаў па масе.

 

Пры вывучэнні матэматыкі ў І класе авалодваюць наступнымі відамі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці:

аналізаваць вучэбнае заданне (вылучаць умову і патрабаванне);

разумець і супастаўляць інфармацыю, прадстаўленую ў выглядзе тэксту, малюнка, схемы, лікавага выразу або няроўнасці;

разумець інфармацыю, прадстаўленую ў таблічнай форме;

параўноўваць і класіфікаваць прадметы па адной (дзвюх) уласцівасцях;

вызначаць заканамернасці (правіла, паводле якога складзены шэраг прадметаў, фігур, лікаў і інш.) і выкарыстоўваць іх пры выкананні заданняў.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў

вучэбнай дзейнасці навучэнцаў

Ведаць:

прыметы параўнання прадметаў і груп прадметаў;

прасторавыя і часавыя катэгорыі;

спосабы ўтварэння, паслядоўнасць і абазначэнні лікаў ад 10 да 20;

адносіны паміж лікамі (больш, менш, роўна), матэматычныя знакі “>”, “<”,“ = “;

састаў адназначных лікаў;

дзесятковы састаў лікаў ад 10 да 20;

назвы і абазначэнні арыфметычных дзеянняў складання і аднімання; назвы кампанентаў і выніку арыфметычных дзеянняў складання і аднімання;

перамяшчальную ўласцівасць складання;

узаемасувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання;

табліцу складання лікаў у межах 10 і адпаведныя выпадкі аднімання;

структуру задачы, узаемасувязь паміж умовай і пытаннем;

назвы геаметрычных фігур (пункт, прамая, адрэзак, круг, трохвугольнік, квадрат, прамавугольнік);

назвы адзінак даўжыні (дэцыметр, сантыметр), часу (гадзіна), масы (кілаграм).

Умець:

лічыць прадметы ў межах 20;

параўноўваць колькасці мностваў прадметаў;

даваць характарыстыку размяшчэнню прадмета ў прасторы;

апісваць часавую паслядоўнасць падзей;

упарадкоўваць прадметы па памеры;

чытаць, запісваць і параўноўваць лікі ў межах 20;

складаць і аднімаць лікі ў межах 20 без пераходу праз дзясятак;

падбіраць невядомыя кампаненты складання (аднімання) па вядомым кампаненце і выніку;

чытаць і запісваць лікавыя выразы ў 1–2 дзеянні без дужак з лікамі ў межах 20, знаходзіць іх значэнні;

рашаць простыя задачы, якія раскрываюць канкрэтны сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання;

рашаць простыя задачы на павелічэнне (памяншэнне) ліку на некалькі адзінак;

рашаць простыя задачы на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах);

параўноўваць, складаць і аднімаць лікавыя значэнні вывучаных велічынь;

выражаць значэнне даўжыні ў розных адзінках вымярэння (дэцыметр, сантыметр);

чарціць адрэзак зададзенай даўжыні і вымяраць даўжыню адрэзка;

вызначаць час з дакладнасцю да гадзіны;

распазнаваць і называць вывучаныя геаметрычныя фігуры;

карыстацца вывучанай матэматычнай тэрміналогіяй.

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці для:

арыенціроўкі ў навакольнай прасторы;

ацэнкі памераў прадметаў на аснове пачуццёвага ўспрымання, спосабамі прыкладання і накладання;

параўнання прадметаў па масе і сасудаў па ёмістасці;

вызначэння часу па цыферблатным гадзінніку;

канструявання геаметрычных аб’ектаў;

вырашэння ў побыце розных задач, звязаных з лічэннем прадметаў і вылічэннямі.

Кантрольныя работы:

Кантрольная пісьмовая работа – 1 (ІІ паўгоддзе).

Праверка навыкаў вуснага лічэння – 1 (ІІ паўгоддзе).

 


 

УТВЕРЖДЕНО
Постановление Министерства образования
Республики Беларусь
27.07.2017 № 90

 

 

Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Чалавек і свет»

для I клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання

 


ЧАЛАВЕК І СВЕТ

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

 

Праграма вызначае мэту, задачы, структуру і змест вучэбнага прадмета “Чалавек і свет” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Інтэграваны характар вучэбнага прадмета абумоўлены ўзроставымі псіхалагічнымі асаблівасцямі навучэнцаў, нацэленасцю на фарміраванне асноў светапогляду. Інтэграцыя звестак з прыродазнаўчанавуковых і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін (біялогіі, геаграфіі, фізікі, гісторыі, грамадазнаўства, этыкі, медыцыны) спрыяе фармраванню ў навучэнцаў цэласнай карціны свету ва ўзаемасувязі прыроды, грамадства, чалавека.

Асноўным аб’ектам пазнання навучэнцаў на ўроках “Чалавек і свет” выступае натуральная прырода, што дазваляе паспяхова вырашаць задачы фарміравання экалагічнай культуры, закладае фундамент для працягу вывучэння шэрага вучэбных прадметаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Мэта вучэбнага прадмета “Чалавек і свет” – фарміраванне асноў навуковага светапогляду, экалагічнай і духоўна-маральнай культуры, уяўленняў і ведаў пра прыроду, грамадства і чалавека, неабходных для рознабаковага ўзаемадзеяння з навакольным светам.

Дасягненне ўказанай мэты прадугледжвае вырашэнне наступных задач:

фарміраванне ўяўленняў і паняццяў пра аб’екты прыроды і з’явы, іх разнастайнасць, адзінства прыроднага і сацыяльнага, месца чалавека ў прыродзе і грамадстве;

авалоданне элементарнымі метадамі пазнання прыроды (распазнаванне, назіранне, экперымент);

развіццё эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды, пазнавальнай цікавасці да вывучэння аб’ектаў жывой і нежывой прыроды;

фармраванне вопыту прыродаахоўнай дзейнасці, выкананне экалагічна абумоўленых норм паводзін;

засваенне ведаў пра арганізм чалавека, кампаненты здаровага ладу жыцця і спосабы яго рэалізацыі;

пашырэнне ведаў пра нормы і правілы культураадпаведных паводзін ў навакольным сацыяльным асяроддзі, вопыт маральных адносін да людзей;

выхаванне патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, асноў грамадзянскай культуры;

фарміраванне вопыту пазнавальнай і творчай дзейнасці, развіццё прадметных і агульнавучэбных уменняў, адукацыйных кампетэнцый.

Змест вучэбнага прадмета комплексна прадстаўлена трыма ўзаемазвязанымі адукацыйнымі кампанентамі: “Прырода і чалавек” (вядучы кампанет), “Чалавек і яго здароўе”, “Чалавек і грамадства”. Змястоўны блок “Мая Радзіма – Беларусь” з’яўляецца састаўной часткай кампанента “Чалавек і грамадства” і вывучаецца ў ІV класе на беларускай мове.

У аснову адукацыйнага кампанента “Прырода і чалавек” пакладзена канцэпцыя экалагічнай адукацыі асобы, што прадугледжвае фарміраванне ў навучэнцаў асноў экалагічнай культуры, засваенне сістэмы першапачатковых экалагічных ведаў і ўменняў, прымяненне іх у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, выхаванне беражлівых адносін да прыроды, фарміраванне вопыту практычнай прыродаахоўнай дзейнасці.

Вывучэнне кампанета “Прырода і чалавек” у І класе пабудавана па прынцыпе сезоннасці, паколькі даступныя дзецям непасрэдныя назіранні за зменамі ў жывой і нежывой прыродзе даюць наглядны матэрыял для засваення ўзаемазалежнасці з’яў у прыродзе ў розны час года. Абагульненне назіранняў пра сезонныя змены ў прыродзе, накопленых эмпірычным шляхам, дазваляе падвесці навучэнцаў да разумення прычын змены сезонаў у залежнасці ад нераўнамернасці асвятлення нашай планеты Сонцам. Навучэнцы засовойваюць канкрэтныя веды пра змены ў жывой і нежывой прыродзе, вучацца тлумачыць сувязі, якія існуюць паміж асобнымі элементамі жывой і нежывой прыроды, пераконваюцца ў тым, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана.

У працэсе вывучэння кампанента “Чалавек і яго здароўе” пашыраюцца і паглыбляюцца веды пра спосабы захавання і ўмацавання здароўя, фарміруюцца адпаведныя ўменні і навыкі.

Вывучэнне адукацыйнага кампанента “Чалавек і грамадства” дае магчымасць фарміравання ў навучэнцаў уяўленняў пра краіну, у якой яны жывуць, свой горад (вёску); усведамлення неабходнасці праяўляць увагу і клопат да членаў сям’і, выконваць правілы бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці.

У ІІ класе адукацыйны кампанент “Прырода і чалавек” уключае раздзелы: “Нежывая прырода і чалавек” і “Жывая прырода і чалавек”.

Асноўная мэтавая ўстаноўка вывучэння раздзела “Нежывая прырода і чалавек” – паглыбленне ўяўленняў навучэнцаў пра ваду, паветра, глебу. Прадметам вывучэння з’яўляюцца ўласцівасці найважнейшых аб’ектаў нежывой прыроды, іх значэнне для чалавека і меры па іх ахове. Пры вывучэнні ўласцівасцей вады, паветра, глебы ствараюцца ўмовы для фарміравання ў навучэнцаў навыкай даследчай дзейнасці, развіцця ўменняў шляхам доследу вызначаць уласцівасці аб’ектаў, параўноўваць і аналізаваць аб’екты навакольнага свету, фіксаваць вынікі назіранняў, рабіць вывады.

Мэта вывучэння раздзела “Жывая прырода і чалавек” – спрыяць фарміраванню ў навучэнцаў гуманных, экалагічна абгрунтаваных і ўсвядомленых адносін да ўсяго жывога.

У аснову адбору зместу раздзела пакладзены краязнаўчы прынцып, які забяспечвае раскрыццё сутнасці вывучаемых паняццяў пры дапамозе фактаў навакольнай рэчаіснасці. Краязнаўчы матэрыял выступае як крыніца тэарытычных ведаў, сродак пазнання і як аб’ект вырашэння пазнавальных задач.

Пры вывучэнні дадзенага раздзела навучэнцы знаёмяцца з групамі раслін і жывёл, устанаўліваюць сувязі, якія існуюць паміж раслінамі і жывёламі, рознымі групамі жывёл, паміж чалавекам і жывой прыродай.

Пры вывучэнні раздзела прадугледжваецца фарміраванне ў навучэнцаў уменняў пазнаваць і апісваць (вусна) прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, устанаўліваць і тлумачыць сувязі ў жывой і нежывой прыродзе, прагназаваць наступствы іх парушэння чалавекам. Засваенне зместу раздзела важна ў аспекце набыцця навучэнцамі экалагічна абумоўленага практычнага вопыту узаемадзеяння з прыродай; выхавання эстэтычных пачуццяў здзіўлення, захаплення прыгажосцю прыроды.

Атрыманыя звесткі пра ўласцівасці вады, паветра, пра аб’екты жывой прыроды з’яўляюцца асновай для вывучэння кампанента “Чалавек і яго здароўе” і выкарыстоўваюцца для далейшага пашырэння ведаў пра здаровы лад жыцця.

Асноўнай мэтай вывучэння кампанента “Чалавек і грамадства” з’яўляецца фарміраванне пазітыўных эмацыянальна-каштоўнасных адносін навучэнцаў да іншых людзей, засваенне ведаў пра правы і абавязкі, правілы паводзін у грамадскіх месцах. Пры вывучэнні тэм “Сям’я” і “Эканоміка сям’і” ў навучэнцаў фарміруюцца элементарныя эканамічныя ўяўленні (гаспадарка сям’і, бюджэт, грошы), якія ў далейшым робяцца асновай эканамічнай граматнасці, выхавання якасцей ашчаднасці, гаспадарлівасці, рупліваці.

У ІІІ класе вывучэнне адукацыйнага кампанента “Прырода і чалавек” пачынаецца з раздзела “Планета, на якой мы жывём”, у ходзе вывучэння якога навучэнцы атрымліваюць агульнае ўяўленне пра планету Зямля. У навучэнцаў фарміруюцца ўяўленні пра глобус як мадэль Зямлі, адбываецца знаёмства з фізічнай картай паўшар’яў. Пры вывучэнні раздзела “Арыентаванне на мясцовасці” навучэнцы атрымліваюць веды пра гарызонт, бакі гарызонту, знаёмяцца за практычнымі спосабамі арыентавання.

Змест раздзела “Мой родны край” дазваляе на краязнаўчым матэрыяле больш глыбока раскрыць узаемасувязі ў прыродзе, сфарміраваць уяўленні пра формы зямной паверхні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пра карысныя выкапні, іх уласцівасці.

Засваенне ведаў пра нежывую прыроду стварае аснову для вывучэння расліннага і жывёльнага свету ў тэме “Прыродныя згуртаванні роднага краю”. Змястоўнымі элементамі вывучэння дадзенай тэмы з’яўляюцца найбольш распаўсюджаныя прыродныя згуртаванні нашай краіны – лес, вадаём, балота, луг. Навучэнцы даведваюцца пра іх своеасаблівасць, значэнне ў прыродзе, ролю ў жыццядзейнасці чалавека.

На аснове ведаў пра разнастайнасць раслін і жывёл Беларусі фарміруюцца ўменні распазнаваць іх па адметных прыметах, тлумачыць асаблівасці прыстасавання жывых арганізмаў да навакольнага асяроддзя. У сістэме ведаў пра прыроду асабліва важным з’яўляецца засваенне навучэнцамі правіл прыродаахоўных паводзін, узбагачэнне вопыту экалагічна абгрунтаваных паводзін у прыродзе, развіццё эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды.

Вывучэнне раздзела “Разнастайнасць раслін і жывёл на Зямлі” накіравана на паглыбленне ўяўленняў пра ўзаемасувязі жывой і нежывой прыроды, сістэматызацыю і пашырэнне ведаў пра асноўныя групы прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету.

У адукацыйным кампаненце “Чалавек і яго здароўе” даецца агульнае ўяўленне пра ўнутраныя органы чалавека, функцыі, якія выконваюцца, будову. Асаблівая ўвага надаецца пытанням асабістай гігіены, мерапрыемствам, якія павінны ажыццяўляць навучэнцы для захавання і ўмацавання свайго здароўя. Фарміруецца ўяўленне навучэнцаў пра тое, што правільнае харчаванне з’яўляецца адным з галоўных фактараў захавання здароўя чалавека.

Вывучэнне тэм “Апора цела і рух”, “Органы пачуццяў чалавека. Вока – орган зроку”, “Органы слыху, нюху, дотыку, смаку” накіравана на фарміраванне ў навучэнцаў спагадлівых і добразычлівых адносін да іншых людзей, выхаванне талерантнасці, цярпімасці і міласэрнасці да інвалідаў, людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Засваенне зместу вучэбнай праграмы “Чалавек і свет” арганізуецца праз урокі-гульні, урокі-падарожжы, урокі-даследаванні і інш. з выкарыстаннем форм, метадаў і прыёмаў, якія забяспечваюць самастойнае набыццё навучэнцамі ведаў і актыўнае засваенне спосабаў пазнання навакольнага свету, захаванне і падтрыманне працаздольнасці навучэнцаў, зняцце фізічнага і псіхічнага напружання.

Сістэма ключавых кампетэнцый на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі фарміруецца шляхам засваення адпаведных кампанентаў зместу адукацыі з дапамогай універсальных вучэбных дзеянняў. Пры гэтым асаблівасці прадмета “Чалавек і свет” дазваляюць зрабіць вывад пра пераважаючую ролю пазнавальных вучэбных дзеянняў, да якіх адносяцца: навыкі ажыццяўлення мысліцельных аперацый (параўнання, класіфікацыі, аналізу, сінтэзу, абагульнення і інш.), навыкі працы з інфармацыяй (пошуку, пераўтварэння, перапрацоўкі, “згортвання” і “разгортвання”; навыкі сэнсавага чытання і інш.), навыкі мадэліравання, у тым ліку з дапамогай знакава-сімвалічных сродкаў.

Пры арганізацыі вучэбнай дзейнасці неабходны перанос акцэнту з прыярытэту зместу адукацыі (“Ведаю, што…”) на прыярытэт засваення спосабаў дзеянняў (“Ведаю, як…”). Вынікам навучання павінны зрабіцца практыка-арыентаваныя прадметныя веды, здольнасць навучэнцаў вырашаць праблемы, паспяхова дзейнічаць у жыццёвых сітуацыях на аснове сфарміраваных кампетэнцый. Дадзены падыход канкрэтызаваны ў змесце вучэбнага прадмета пад назвай “Вопыт практычнай дзейнасці”.

Віды вучэбнай дзейнасці навучэнцаў вызначаюцца ў залежнасці ад крыніцы атрымання інфармацыі – на славеснай аснове (аповеду настаўніка, тэксту вучэбнага дапаможніка, кнігі для чытання, вучэбна-пазнавальнай літаратуры); на аснове ўспрымання ў працэсе назірання за аб’ектамі і з’явамі прыроды і дэманстрацыйнымі доследамі.

Асаблівая ўвага надаецца фарміраванню ўменняў навучэнцаў працаваць з інфармацыяй, прычым не толькі з тэкставай, але і з такімі крыніцамі інфармацыі, як умоўныя абазначэнні, ілюстрацыя, табліца, схема, карта, прыродны матэрыял, раздатачны матэрыял і інш. Таксама ў працэсе навучання могуць выкарыстоўвацца электронныя адукацыйныя рэсурсы і аўдыя-, відэаматэрыялы.

Пазнавальныя вучэбныя дзеянні ажыццяўляюцца пры дапамозе лагічных аперацый вылучэння прымет аб’ектаў і з’яў, упарадкавання, параўнання і класіфікацыі на аснове істотных прымет, устанаўлення аналогіі, прычынна-выніковых сувязей; аналізу, сінтэзу, вываду, абагульнення, сістэматызацыі і інш.

Асаблівае значэнне ў засваенні зместу вучэбнага прадмета маюць экскурсіі, якія дазваляюць пазнаваць навакольны свет праз назіранні, вывучаць навакольныя аб’екты з дапамогай розных органаў пачуццяў, прадстаўляць вынікі пазнання ў выглядзе розных творчых работ (вырабаў, малюнкаў, апавяданняў-апісанняў і да т. п.), набываць вопыт прыродаахоўных паводзін і дзейнасці. Прыродныя з’явы, якія ў змесце праграмы абазначаны зорачкай (*), вывучаюцца па меры іх наступлення ў прыродзе.

У раздзеле праграмы “Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў” вызначаны прадметныя веды і ўменні, а таксама патрабаванні па іх выкарыстанні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці, якімі авалодваюць вучні І класа.


ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА (30 г)

Уводзіны (1 г)

Наша Радзіма – Беларусь.

Наша дзяржава – Рэспубліка Беларусь. Дзяржаўны герб і сцяг Рэспублікі Беларусь. Мінск – сталіца нашай Радзімы.

Беларусь – край рэк, азёр, лясоў. Прыгажосць прыроды роднага краю.

Месцараспалажэнне населенага пункта, дзе я жыву, і школы, у якой я вучуся.

Віды дзейнасці

Работа з вучэбным дапаможнікам, аналіз ілюстрацый.

Прырода і чалавек (26 г)

Асеннія змены ў нежывой прыродзе, жыцці раслін, жывёл і чалавека (9 г)

Што такое прырода. Жывая і нежывая прырода. Аб’екты прыроды і працы чалавека. Навакольны свет раслін і жывёл. Аб’екты жывой і нежывой прыроды, іх прыметы. Сонца – крыніца святла і цяпла для ўсяго жывога на Зямлі.

Змены ў нежывой прыродзе восенню. Асеннія месяцы года, іх паслядоўнасць. Змены ў нежывой прыродзе восенню ў параўнанні з летам: зніжэнне вышыні Сонца над зямлёй, памяншэнне працягласці дня, пахаладанне паветра, ахаладжэнне вады і глебы; змены стану неба і віду ападкаў (асаблівасці асенніх дажджоў, выпадзенне першага снегу*), першыя замаразкі*.

Расліны – частка жывой прыроды. Жыццё раслін восенню. Уплыў змен у нежывой прыродзе на жыццё раслін восенню. Выспяванне пладоў і насення, іх распаўсюджванне. Завяданне і засыханне травяністых раслін восенню. Змены афарбоўкі лісця дрэў і кустоў. Лістапад.

Жывёлы – частка жывой прыроды. Жыццё жывёл восенню. Разнастайнасць жывёл. Дзікія і свойскія жывёлы. Змены ў жыцці дзікіх жывёл восенню (насякомых, птушак, звяроў і інш.). Памяншэнне колькасці насякомых. Пералёты птушак. Падрыхтоўка зімовага жылля і корму на зіму. Лінька і змена густаты і афарбоўкі поўсці ў звяроў. Заляганне ў спячку (мядзведзь, вожык, барсук).

Змены ў жыцці свойскіх жывёл восенню. Праца людзей восенню. Значэнне свойскіх жывёл для чалавека. Уплыў змен у прыродзе восенню на жыццё свойскіх жывёл. Клопат чалавека аб свойскіх жывёлах (нарыхтоўка кармоў, падрыхтоўка памяшканняў для жывёл да зімы). Дапамога дзяцей у доглядзе свойскіх жывёл.

Асеннія работы на палях, агародах, садах, парках, на вуліцах гарадоў і вёсак. Дапамога дзяцей дарослым у асенніх работах.

Уплыў змен у прыродзе на жыццё чалавека восенню. Як правільна апранацца восенню, загартоўванне арганізма. Асеннія прагулкі на свежым паветры, іх уплыў на здароўе і настрой чалавека.

Асеннія плады і насенне – крыніца здароўя. Плады і насенне розных раслін. Расліны саду і агарода, у якіх восенню выспяваюць ядомыя плады. Агародніна і садавіна, якія вырошчваюцца ў нашым краі. Іх карысць для здароўя чалавека. Правілы ўжывання агародніны і садавіны.

Асеннія з’явы ў прыродзе (абагульняючы ўрок).

Экскурсія “Змены ў нежывой прыродзе і ў жыцці раслін восенню” (1 г).

Мэтавыя прагулкі “Залатая восень у прыродзе”, “Позняя восень” [4].

Віды дзейнасці

Работа з вучэбным дапаможнікам, назіранне, аналіз асенніх змен ў прыродзе, збор прыроднага матэрыялу.

Вопыт практычнай дзейнасці. Правядзенне падчас эксурсій і прагулак назіранняў, у час якіх навучэнцы вучацца вызначаць змены ў нежывой прыродзе, у жыцці раслін і жывёл; фіксаваць вынікі назіранняў. Распазнаванне некалькіх дрэў і кустоў (па лістах); садавіны і агародніны; пазнаванне некалькіх птушак, звяроў.

Праяўленне клопату аб захаванні і ўмацаванні здароўя ў асенні перыяд.

Зімовыя змены ў нежывой прыродзе, жыцці раслін, жывёл і чалавека (7 г)

Змены ў нежывой прыродзе зімой. Як зімуюць расліны. Зімовыя месяцы года, іх паслядоўнасць. Змены ў нежывой прыродзе зімой у параўнанні з восенню: змена вышыні Сонца над зямлёй, працягласці дня і ночы, прамярзанне глебы; змена віду ападкаў. Снег і лёд, снегапады, завеі*. Жыццё раслін зімой. Травяністыя расліны і іх жыццё пад снегам. Хвойныя і ліставыя дрэвы і кусты зімой. Вызначэнне дрэў і кустоў па форме кроны, колеры ствала, пладах, лістах, якія засталіся, шышках (хвойныя дрэвы).

Змены ў жыцці дзікіх жывёл зімой. Прычыны залягання ў спячку некаторых жывёл. Жыццё насякомых, рыб, жаб, змей зімой. Змены ў жыцці лясных звяроў зімой (вавёрка, заяц, воўк, ліса, лось, мя







Система охраняемых территорий в США Изучение особо охраняемых природных территорий(ООПТ) США представляет особый интерес по многим причинам...

Что делать, если нет взаимности? А теперь спустимся с небес на землю. Приземлились? Продолжаем разговор...

ЧТО ПРОИСХОДИТ, КОГДА МЫ ССОРИМСЯ Не понимая различий, существующих между мужчинами и женщинами, очень легко довести дело до ссоры...

Живите по правилу: МАЛО ЛИ ЧТО НА СВЕТЕ СУЩЕСТВУЕТ? Я неслучайно подчеркиваю, что место в голове ограничено, а информации вокруг много, и что ваше право...





Не нашли то, что искали? Воспользуйтесь поиском гугл на сайте:


©2015- 2024 zdamsam.ru Размещенные материалы защищены законодательством РФ.