Сдам Сам

ПОЛЕЗНОЕ


КАТЕГОРИИ







Вопрос 76. Традыцыйныя рамёствы і промыслы беларусау.





Промыслы і рамёствы займаюць важнае месца у сістэме культуры і ў народнай жыццядзейнасці. У вузкім сэнсе промысел – гэта падсобны (дапаможны, не галоўны) занятак з мэтай здабычы дадатковых сродкау для існавання. Да іх адносяцца: збіральніцтва, рыбалоўства, паляванне, пчалярства, лясныя і лесахімічныя промыслы. У адрозненні ад промыслу пад рамяством здаўна разумелі вытворчасць розных вырабаў уручную з дапамогай адпаведных рамесных інструментаў, майстэрства ўмелых рук (адсюль старажыт. – «рукамяство»). Такія як дрэваапрацоўчыя, металаапрацоўчыя, апрацоўка мінеральнай сыравіны, апрацоўка валакністай сыравіны, прыгатаванне харчовых вырабаў і іх захаванне. Усе рамёствы і промыслы можна было б падзяліць на хатнія (для уласных патрэб), рамяство па заказе і на рынак (дробнатаварная вытворчасць). Рамёствы і промыслы падзялілі таксама на стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя (дойлідства, будауніцтва мастоў, дарог, рамізніцтва, лясныя, лесахімічныя, лесасплаўныя і іншыя промыслы). Нарэшце, у асобную групу вылучаюць мастацкія промыслы, у якіх найбольш ярка ўвасабляецца народная творчасць, мастацкія густы, духоўныя памкненні і нацыянальныя вытворчыя традыцыі. Можна вылучыць найбольш перспектыўныя народныя рамёствы і промыслы. Сярод іх: швейнае, ткацтва, вязанне, вышыўка, пляценне, сталярна-мэблевае, разьба па дрэве, такарнае, выраб кухонных рэчываў, выраб кошыкаў, здабыўныя промыслы-збіральніцтва, рыбалоўства, здабыча смалы, бярозавага і кляновага сокаў.
У нашай мясцовасці ткацтвам валодае Зінаіда Рыгораўна Красуцкая, 1932 года нараджэння, жыхарка вёскі Заполле. Некаторыя мясцовыя жыхары плятуць кошыкі з розных матэрыялаў, напрыклад, Акуловіч Леанід Канстанцінавіч, 1930 года нараджэння, жыхар вёскі Дзесяціны. Вышывае крыжыкам і іншымі спосабамі жыхаркі вёскі Гарадзішча Булгак Разалія Сяргееўна, 1938 года нараджэння. Ёсць пячнік, жыхар вёскі Уланава Лістапад Уладзімір Валер"евіч. Мастацтвам выцінанкі валодае настаўніца пачатковых класаў нашай школы Купчэня Наталля Георгіеўна, вяжа шэдэлкам Бартошык Наталля Пятроўна – настаўніца гісторыі.

Сярод асноўных рамёстваў:

· ткацтва

· дрэваапрацоўка

· ганчарная справа

· саломапляценне

Найбольш распаўсюджаным заняткам жыхароў Беларусі было будаўніцтва (цяслярства), паколькі ўвесь час мелася патрэба ў будаўніцтве жылых і гаспадарчых пабудоў. Існавалі таксама прафесійныя цесляры, якія ўзводзілі масты, плаціны, млыны, цэрквы і г.д. Сталяры рабілі наступныя працы: усталёўка дзвярэй, аконных рам, выраб мэблі, хатняга начыння, сельскагаспадарчы інвентар, транспартныя сродкі.
Шырока распаўсюджана было таксама бандарнае рамяство, якое пераважала ў форме саматужнага промыслу. Посуд з дубовай, хваёвай, яловай, асінавай клёпкі шырока ўжываўся ў хатнім побыце беларусаў і вырабляўся пераважна для патрэб мясцовага рынку.
Паўсюдна на тэрыторыі Беларусі быў развіты мукамольны промысел. Асабліва шырока ён стаў распаўсюджвацца ў XV-XVI стагоддзях, што было звязана з пранікненнем на беларускія землі заходнееўрапейскага вынаходства ветракоў галандскага і нямецкага тыпаў. Акрамя гэтага, у Беларусі выкарыстоўваліся традыцыйныя вадзяныя млыны і млыны з конскай (валовай) цягай. Існавалі падобныя млыны ў асноўным пры буйных гаспадарках і былі практычна недаступныя асноўнай масе сялянства. Беларускія сяляне для памолу збожжа выкарыстоўвалі жорны ручной працы ці ручныя і нажныя ступы.

Пад промысламі ў этнаграфічнай літаратуры прынята разумець падсобную ў сельскай гаспадарцы вытворчасць, адрозную ад уласна земляробства і жывёлагадоўлі. Найбольшае значэнне мелі т.зв. здабыўныя промыслы – збіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства, пчалярства (бортніцтва) і лясныя промыслы.

Паляўніцтва, адна з найбольш старажытных форм гаспадарчай дзейнасці чалавека; на тэрыторыі Беларусі вядома з часоў палеаліту (40 – 100 тыс.гадоў таму). На працягу многіх гістарычных эпох паляўніцтва забяспечвала людзей асноўнымі сродкамі існавання: ежай, адзеннем, сыравінай для

вырабу прылад працы, зброі і г.д. У палеаліце асноўным аб’ектам палявання былі мамант і шарсцісты насарог, што вымагала выкарыстання калектыўных форм палявання: загонаў да абрываў ці ў дрыгву, аблаў і інш. Пасля апошняга зледзянення і ўсталявання сучаснай геалагічнай эпохі (галацэну) на тэрыторыі Беларусі ўзнавіліся лясы і, нягледзячы на знікненне мамантаў і шарасцістых насарогаў, значна ўзбагаціўся жывёльны свет (з’явіліся: высакародны алень, зубр, тур, лось, мядзведзь, дзік, бабёр,

куніца і інш). Прыручэнне ў мезаліце сабакі, вынаходніцтва лука са стрэламі зрабіла паляванне значна больш разнастайным і эфектыўным. У новых кліматычных умовах пачалі шырока выкарыстоўвацца неактыўныя спосабы палявання: сіло (самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны), петлі з сырамяці і сухажылля, лоўчыя ямы. Апошняе прыстасаванне аказалася нагэтулькі простым і эфектыўным, што датрывала да ХІХ ст. Так, вядомы краязнаўца А. Семянтоўскі пісаў, што ў 1860 г. у адным толькі Полацкім павеце было ўпалявана ямамі не адна сотня ласёў.

Негледзячы на ўзнікненне жывёлагадоўлі паляванне яшчэ доўгі час (да Ранняга Сярэднявечча) давала чалавеку не менш за палову мясной ежы. Лук, вынайдзены яшчэ ў мезаліце, застаецца эфектыўнай паляўнічай зброяй амаль да XVIII ст. Аднак, з XVI ст. усё большае распаўсюджанне атрымлівае агнястрэльная зброя. Акрамя таго, у Сярэдневеччы выкарыстоўвалі для палявання і іншыя віды зброі: кушы (арбалеты, дзіды, дроцікі, рагаціны, сякеры і г.д. Просты люд найчасцей практыкаваў разнастайныя

самаловы: пасткі, сеткі, лоўчыя ямы, загарадзі і петлі, што вымагала дасканалага ведання асаблівасцяў жыцця, нораву і звычак кожнага звера. У асяродку шляхты з XV ст. становіцца папулярным паляванне з сабакамі і сакаламі. У XV – XVII стст. на Беларусі разводзілі некалькі відаў паляўнічых сабак, прывучаных цкаваць розную дзічыну: харты даганялі і душылі звера, выжлы нюхам адшуквалі і падымалі яго па загадзе, знаходзілі і прыносілі здабычу; агары (ганчакі) заганялі звера на паляўнічага, ямнікі (нор-

нікі) выкарыстоўваліся пры паляванні на норных звяроў (ліс, барсукоў і да т.п.). Распаўсюджаным было і паляванне з кундалямі (дварнягамі), якія вылучаліся моцай і адвагай і былі незаменнымі пры паляванні на дзікоў і мядзвядзёў. Для палявання на гусей і качак на Беларусі выкарыстоўвалі выдру, якая (не старэйшая за 4 месяцы) лёгка паддавалася вывучцы. Паляванне ж з сакаламі было безумоўным прывілеем магнатаў і найбагацейшай шляхты, бо адзін сокал у XVI ст. па сваім кошце быў роўны двум коням.

Негледзячы на развіццё паляўнічага і прыродаахоўнага права, якое знайшло сваё адлюстраванне ў Статутах ВКЛ і падрабязна рэгламентавала правілы і нормы палявання, прадугледжвала меры па захаванні папуляцый дзікай жывёлы, галоўнай небяспекай для фауны Беларусі ў XVI – XIX стст. становіцца браканьерства. У сукупнасці з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі Беларусі, калі жывёла ў лясах вынішчалася па варварску і бескантрольна, і шырокім распаўсюджаннем агнястрэльнай зброі, браканьерства нанесла непапраўны ўрон дзікай прыродзе Беларусі. Так, ужо ў пачатку XVII ст. зніклі еўрапейскія туры, у сярэдзіне XVIII ст. – лясныя тарпаны, у пачатку ХІХ ст. быў забіты апошні высакародны алень мясцовай папуляцыі. Не стала собаля, мядзведзя-мурашкаеда, расамахі, чорнага зайца, ляснога ката. У 1919 г. браканьерам (лесніком!) быў забіты апошні зубр. У канцы ХІХ ст. паляванне са стрэльбай набыло сярод прывілеяваных колаў насельніцтва спартыўна-аматарскі характар і толькі ў сялян і часткі местачкоўцаў яно захавала ролю дапаможнага занятку, які прыносіў пабочны прыбытак. Пры гэтым беларускія сяляне пераважна іранічна ставіліся да няпэўнага і зменлівага “шчасця” паляўнічага: “У паляўнічага дым густы, ды абед пусты”. У сваю чаргу, паляўнічыя, каб дасягнуць поспеху,

выкарыстоўвалі разнастайныя магічныя прыёмы. Так, напрыклад, на Магілёўшчыне ў канцы ХІХ ст. лічылася, што “каб зрабіцца добрым стральцом, трэба ўзяць з трох калодзежаў вады, частку яе выліць улева ад сябе, а рэшткаю прамыць стрэльбу са словамі: “Гром б’е, бліскавіца паліць, святы Пётра свінец правіць!” Выхад паляўнічага мог суправаджацца спецыяльнай замовай, дзе выразна прасочваецца ўшанаванне як уласна лесу, так і яго міфалагічнага ўвасаблення – Лесуна: “Звер прабягаў, ды майго

сляда не відаў, а я, добры маладзец, на яго напаў, а Лесу Часному і Лясному хазяіну паклон аддаваў і падаркам яго надзяляў: хлебам да соллю, да каленкораву рубаху, да шаўковую падпаяску”. Паспяховыя паляўнічыя, у гэтым сэнсе, разглядаліся сялянамі як чараўнікі, што водзяць сяброўства з Лесуном. Стаўленне да такіх людзей з боку грамады было паважліва-перасцярожлівым. Сучаснае паляўніцтва на Беларусі істотна адрозніваецца ад старажытнага. Са знішчальнага яно стала адной з форм рацыяльнага прыродакарыстання, мае спартыўна-аматарскі характар, дазволена толькі членам Таварыства паляўнічых і рыбаловаў у паляўнічы сезон па пуцёўках або ліцэнзіях у вызначаных для палявання ўгоддзях.

Рыбалоўства, адна з ранніх форм гаспадарчай дзейнасці чалавека, вядомая на Беларусі з часоў палеаліту. У неаліце рыбалоўства становіцца вядучай галіной стражытнай эканомікі, чаму спрыялі не толькі выключна багатыя рыбныя ўгоддзі (на Беларусі і зараз налічваецца 20,8 тыс. рэк і каля 10,8 тыс. азёр, у якіх водзіцца 54 віды рыбы), але і рэзкая змена прыроднага асяроддзя, выкліканая знікненнем ледавікоў, што прывяла да крызісу палеалітычнага паляўніцтва і значнай трансфармацыі гаспадарчай дзейнасці чалавека. Менавіта ў неаліце сфармаваўся практычна ўвесь набор рыбалоўных прылад і прыстасаванняў – гарпуны, восці, зазубцавыя снасці (шнуры, рагулькі, перамёты, блешні, вуды), разнастайнага тыпу сеткі, самаловы (закоты, нераты), а таксама вадаплаўныя сродкі (чаўны, вёслы). Негледзячы на тое, што з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі рыбалоўства набывае характар падсобнага промыслу, у рэгіёнах з развітымі гідрасістэмамі (Падзвінне, Палессе) яно мела важную гаспадарчуюфункцыю. У перыяд феадалізму значная колькасць злоўленай рыбы ішла на задавальненне патрэб феадалаў і царквы. Рыбалоўства становіцца павіннасцю часткі прыгоннага сялянства (невадная павіннасць магла плаціцца грашыма, ці адпрацоўвацца вязаннем сетак для панскіх двароў, іх рамонтам, віццём невадных вяровак і інш.). З распаўсюджаннем Магдэбургскага права на Беларусі пачынаюць узнікаць рыбацкія цэхі (Слуцк, Шклоў) – прафесійныя аб’яднанні рыбакоў аб’яднаных адным статутам (рэгламентаваў аб’ёмы вылаву рыбы, кошты на яе), таварыствам і звычаем ўзаемадапамогі. Практычна не адрозніваліся ад цэхаў і рыбацкія братствы (Віцебск, Вільня, Слуцк), аднак уваходзіць у апошнія маглі рыбакі толькі адной канфесіі (праваслаўныя ці каталікі).Пытанні рыбалоўства на спрэчных ці памежных вадаёмах рэгулява-

ліся дзяржаўным заканадаўствам – Статутамі ВКЛ. У ХІХ ст., з развіццём капіталістычных тэндэнцый у эканоміцы, таварны характар пачынае набываць і рыбалоўства. Значную ролю ў развіцці прамысловага рыбалоўства і актывізацыі гандлю адыгралі арандатары вадаёмаў і перакупшчыкі (пераважна рускія стараверы і габрэі). Аднак, сваім імкненнем да максімальнага прыбытку і часта драпежніцкай экс-

плуатацыяй водных рэсурсаў яны выклікалі негатыўнае стаўленне з боку мясцовага насельніцтва.

Тым не менш, у другой палове ХІХ ст. рыба становіцца адным са значных артыкулаў беларускага экспарту. Яна вывозілася на продаж у Польшчу, Латвію, Літву, Расію, на Украіну і Усходнюю Прусію. Значны прыбытак у пачатку ХХ ст. прыносіў экспарт у Нямеччыну рыбінай лускі, з якой выраблялі штучны жэмчуг і высакаякасны клей. Даволі разнастайнымі ў канструктыўным і функцыянальным плане

былі беларускія традыцыйныя рыбалоўныя прылады, якія паводле прынцыпу дзеяння і спосабу лоўлі падзяляліся на наступныя катэгорыі:

− Невады – снасці, якія складаліся з сеткавага мяшка (куля) і прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў), з вяроўкамі па супрацьлеглых баках кожнага з іх. Закінуўшы снасць у ваду так, каб яна ўтварала сеткавую сцяну, уручную або з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў невад працягвалі ў вадзе, а потым выбіралі ў чаўны ці на бераг. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя невады (даўжыня крыла каля 200 м, куля – каля 30 м; прызначаліся для падлёднай лоўлі рыбы ў азерах), падвалокі (летнія невады, меншая за зімовыя ў два разы), а таксама брэдні (невялікі невад, агульнай шырынёй 6 – 12 м, якім лавілі ўброд два чалавекі).

− Сеткі – палотнішчы з адной, дзвух ці трох сетак, прымацаваныя па даўжыні да дзвух вяровак (верхняя аснашчана паплаўкамі, ніжняя – грузіламі). Сеткавай сцяной перагароджваюць шлях рыбе, якая, імкнучыся пераадолець перашкоду заблытваецца ў вочках сеткі.

Стаўныя пасткі – прыстасаванні, якія выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы абмінуць перашкоду. Сярод стаўных пастак найбольш пашыранымі былі: ез – загарода на плыткіх рэчках і пратоках, якой перагароджвалі шлях рыбе. Будаваліся езы ў выглядзе частакольных платоў, платоў-плятнёў ці гацяў з камення і ламачча. У адтулінах еза ставілі рыбалоўныя пасткі (бучы, нераты, венцеры); мярэжа – снасць, якая складалася з дзвух нацягнутых на абручы кулёў (накіраваных уваходамі адзін да другога), злучаных з аднаго боку сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў горлы.

− Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам (сеткавы мяшок, прывязаны да двух шастоў) рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнню ракі; таптухамі, кломлямі, сакамі (сеткі, нацягнутыя на драўляныя каркасы) рыбачылі ўброд.

− Кручковыя снасці ўключаюць вуды, перамёты (шнур ад 10 м да 30 м, па ўсёй даўжыні якога прывязваюцца павадкі з кручкамі), старожні (жэрліцы), а таксама імітацыйныя снасці – блісні, дарожкі, матылькі.

− Ударныя прылады, якімі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром) ці аглушалі ўдарам па лёдзе драўляным малатком (чакухай).

Як і паляўніцтва, рыбалоўства ў беларускім грамадстве было ахутана разнастайнымі прымхамі і магічнымі прадпісаннямі. На Падзвінні лічылася, што найбольш удалыя і паспяховыя рыбакі “сябруюць” з міфічным гаспадаром вадаёма – Вадзянікам. У наш час рыбная лоўля набыла аматарска-спартыўны характар і стала масавым відам адпачынку насельніцтва.

Збіральніцтва, адна з самых ранніх форм гаспадарчай дзейнасці чалавека, збіранне (здабыванне) гатовых дароў прыроды, у асноўным прадуктаў харчавання і лекавых раслін. У першабытным грамадстве суіснавала побач з паляваннем і рыбалоўствам, займала важнае месца ў спажывецкай гаспадарцы і падрыхтавала ўмовы для вытворчай гаспадаркі. З пераходам да земляробства і жывёлагадоўлі набыло характар падсобнага (здабыўнога) промыслу. Найбольш значную ролю збіральніцтва выконвала ў ляс-

ных мясцовасцях, дзе не згубіла свайго значэння і па наш час. Сярод розных відаў збіральніцтва для жыхароў Беларусі былі ўласцівы збіранне траў і карняплодаў, ягад і грыбоў, здабыванне раслінных сокаў і інш. Кожны з відаў збіральніцтва адпавядаў мясцовым умовам жыццядзейнасці, патрабаваў пэўных працоўных навыкаў і ўменняў, звязаных з веданнем флоры, харчовых і лекавых якасцей пэўных раслін, іх феналагічнага цыкла і сезонных змен, аптымальных спосабаў і прыёмаў іх здабывання, першаснай ап-

рацоўкі і захавання. Травяністыя расліны (лісце шчаўя, крапівы, лебяды) збіралі да іх цвіцення, складвалі ў фаскі і макотры, перасыпалі соллю, квасілі, каб у зімова-веснавы перыяд гатаваць варыва. Шчаўе, кісліцу, цыбулю лугавую, маладыя парасткі аеру і іншае ўжывалі і свежымі. Вялікае значэнне мелі хрэн

і кмен, якія выкарыстоўваліся як прытрава да ежы і кансервант у розных саленнях. Акрамя таго, апроч спецыфічных смакавых уласцівасцяў, гэтыя расліны ўтрымлівалі ў пяць разоў болей вітамінаў і мікраэлементаў чым, напрыклад, цытрусавыя.

Тэхнічнае значэнне мелі раслінныя фарбавальнікі: цярноўнік даваў жоўты, зялёны і бронзавы колер, драсён птушыны – фіялетавы, паслён –бронзавы. Ярка-чырвоны колер атрымлівала тканіна з сабраных кукліц чарвякоў-кандыдаў. Дзесяткі відаў раслін (святаянік, мацярдушка, скрыпень, чабор, кры-

ваўнік і інш.) збіраліся і сушыліся для працяглага захавання ў лекавых мэтах. Пашырана было збіранне ягад і дзікарослых пладоў. Лясныя ягады – суніцы, чарніцы, дурніцы, маліны, ажыны, парэчкі – спажывалі пераважна свежымі. Некаторыя ягады збіралі пераважна на запас: брусніцы парылі ў гаршчках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, рабілі з іх сок і павідла (на мёдзе); чарніцы часцей сушылі; журавіны захоўвалі замарожанымі, дабаўлялі ў шаткаваную капусту, гатавалі з іх розныя напоі. У значнай колькасці назапашвалі ў лесе жалуды і арэхі, дзікія грушы і яблыкі. Вялікае значэнне, асабліва ў Сярэднявеччы, меў збор дзікарослага хмелю, які з’яўляецца важнейшай сыравінай для піваварэння. У XV – XVI стст. ВКЛ з’яўлялася адным з буйнейшых экспарцёраў хмелю, забяспечваючы іх шматлікія ейрапейскія бровары.

Вялікай папулярнасцю ў беларусаў карыстаўся (і карыстаецца дагэтуль) бярозавы сок, што нарыхтоўвалі ўвёсну і які служыў асновай для вырабу адмысловага квасу – бярозавіка. Але бадай самым улюблёным відам здабыўнога промыслу да нашага часу застаецца збіранне грыбоў, якія спажываюць свежымі (смажаць, вараць, тушаць), соляць, марынуюць і сушаць на зіму. Сушаныя баравікі былі не апошняй часткай беларускага экспарту – іх тонамі вывозілі ў Рыгу, Кралявец, Гданьск, Дрэздэн і іншыя гарады Заходняй Еўропы, а таксама ўРасію і Украіну.

Збіральніцтва – адзін з нешматлікіх старажытных промыслаў, які захаваў ва ўмовах урбанізацыі сваю архаічную форму, індывідуальны характар ручной працы і не страціў свайго значэння. Розных грыбоў і ягад штогод нарыхтоўваецца насельніцтвам Беларусі не менш за 100 тыс. тон (!). Папулярнасць збіральніцтва ў сучасным грамадстве абумоўлена і тым, што яно адначасова з’яўляецца і захапляльным заняткам, і адпачынкам ва ўлонні прыроды.

Пчалярства, як развіты гаспадарчы промысел, існавала яшчэ ў часы агульнаславянскага моўнага адзінства, распад якога адбыўся ў V – VI стст. н.э. На гэта ўказвае агульнаславянскі пласт лексікі, звязанай з пчалярствам (напрыклад, бел. “воск”, укр. “віск”, польск. “wosk”, чэшск. “vosk”, балгар. “восък” і г.д.). Першапачатковай і самай працяглай па часе бытавання формай пчалярства было бортніцтва – утрыманне і развядзенне пчол у борцях – натуральных і спецыяльна выдзяўбаных штучных дуплах жывых дрэў, такіх, як хвоя, дуб, ліпа, асіна.

Бортніцтва ўзнікла з так званага дзікага пчалярства і прайшло ў сваім развіцці тры асноўныя этапы: 1) ахова і догляд лясных пчол (баровак) у натуральных дуплах, якія яны засялялі самі без дапамогі чалавека;

2) утрыманне пчол у натуральных дуплах, загадзя падрыхтаваных чалавекам;

3) развядзенне баровак у штучных дуплах, гэта значыць у борцях.

Прадукты пчалярства (мёд, воск) на працягу многіх стагоддзяў выступалі ў ролі грашовага эквіваленту, надзвычай каштоўнага тавару і даніны, што абумовіла надзвычай высокі статус пчаляра ў традыцыйным грамадстве. Неабходна адзначыць, што і сама пчала ў народных уяўленнях з’яўлялася сакральнай істотай, “божай казюркай”, атрыбутам вярхоўных багоў і пасрэднікам паміж імі і людзьмі. Адсюль злачынствы ў галіне пчалярства (рабаванне, знішчэнне борцяў, скраданне пчолаў і г.д.), якія каралі-

ся ў сярэднявечным беларускім грамадстве надзвычай жорстка. Так, Статут ВКЛ 1588 года прадугледжваў за падобныя злачынствы велізарныя штрафы, а калі “пчаладзёра” лавілі на “гарачым учынку” (на месцы злачынства), то яго каралі смерцю. У XVI – XVIII стст. існавалі брацтвы і цэхі бортнікаў, карпаратыўныя аб’яднанні, якія ахоплівалі ў асноўным мяшчан і дробную шляхту. Бортніцтвам пераважна займаліся сяляне, для якіх земляробства заставалася галоўнай крыніцай існавання, а пчалярства было другарадным заняткам. Прафесіяналы і дваравыя бортнікі вызваляліся ад цяглавай службы і некаторых іншых павіннасцяў. На працягу ўсяго Сярэдневечча Беларусь (ВКЛ) з’яўлялася буйнейшым пастаўшчыком мёду і воску на еўрапейскі рынак. Развітае і прадуктыўнае бортніцтва здзіўляла іншаземцаў. Так, адзін з швецкіх жаўнераў, апынуўшыся на Беларусі ў часе Паўночнай вайны, занатаваў у сваім дзённіку: “У гэтай краіне мы ласаваліся надзвычай вялікай колькасцю мёду, які мы называлі па-тутэйшаму “miod”. Ён быў вельмі смачны. Нідзе таксама мы не бачылі такой колькасці воску, які быў якасны і танны” (Котлярчук А. Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў. – Мн., 2002. – С. 152).На змену борці прыйшоў калодны вулей, які азначаў надыход новага этапу ў развіцці культурнага пчалярства. Пераход ад борці да калоды расцягнуўся на некалькі стагоддзяў і завяршыўся толькі ў канцы XVIII –пачатку ХІХ ст.

Першы калодны вулей быў, фактычна, борцю, выпілаванай з вывернутага ветрам дрэва. Па пераемнасці калоднае пчалярства доўгі час называлася бортніцтвам. Калоднае пчалярства на пачатку было лясным і толькі пазней перамясцілася на сядзібы. З мэтай аховы ад медзведзяў, калоды ўсталёўвалі на подкурах (памостах) на вышыні да 15 м. Калі паменшала мядзведзяў, іх ставілі на двух паралельна ўрэзаных у дрэва, часта ў два суседнія, дубовых брусах. Канструкцыйна калода (рэгіянальныя назвы: “бучак”, “даўбяк”, “каранёк”, “наварацень”, “стаўбун” і інш.) адрознівалася ад борці толькі тым, што мела накрыўку.

З сярэдзіны ХІХ ст. калоду пачынае замяняць рамовы вулей – разборны вулей з рухомымі гнездавымі і магазіннымі (для збору мёду) рамкамі. Аднак рамовы вулей марудна пракладаў сабе дарогу на Беларусі. Пчаляры, 80 % з якіх былі сяляне, трымаліся традыцыйнай, пераважна лясной формы пчалярства. Яны з недаверам і насцярожанасцю ставіліся да новаўвядзення, якое амаль цалкам разбурала асвечаныя шматвекавым вопытам ўяўленні. Таму, яшчэ ў пачатку ХХ ст. у чатырох беларускіх губернях існавалі на-

ступныя суадносіны паміж калоднымі і рамовымі вуллямі: Віцебская – 85:15, Гродзенская – 92:8, Магілёўская – 88:12, Мінская – 92:8. Канчаткова пераважаць рамовы вулей стаў толькі ў 1930-х гадах.

У беларускай традыцыйнай культуры пчалярства было вельмі цесна звязана з духоўным светам чалавека і калектыва: абрадамі, вераваннямі, магічнымі практыкамі. Мёд са старажытных часоў з’яўляўся адной з га-

лоўных рытуальных страў. З яго гатавалі канун, хмяльныя напоі – ліпец і мядуху, якія спажываліся на радзінах, вяселлях, хаўтурах і галоўных каляндарных святах.Асноўны спектр магічных прыёмаў, непасрэдна звязаных з пчалярствам, быў скіраваны на ахову, захаванне раёў, павелічэнне іх колькасці і

прадуктыўнасці. Так, напрыклад, каб засцерагчы пчолаў ад розных сурокаў і псоты, вуллі патрэбна было ставіць сярод глухой крапівы. На Падзвінні, каб падвысіць меданоснасць пчолаў, іх абкурвалі воскам ад згарэўшай царкоўнай свечкі, трэскай дрэва, разбітага перуном ці “пышам” – засушаным

кончыкам ваўчыннага носу. Прафесійна-магічныя веды пчаляроў трымаліся ў вялікай таямніцы і маглі быць перададзены толькі старэйшаму нашчадку па мужчынскай лініі, што абумовіла мінімальны аб’ём этнаграфічных матэрыялаў на гэтую тэму. У маральна-этычным аспекце паказальным ёсць пачатковае значэнне словаў “сябры”, “сябрына” як таварыства пчаляроў, што мелі агульных пчолаў і вызначаліся паміж сабой шчырасцю, узаемапавагай і ўзаемадапамогай нават большай, чым сярод крэўных сваякоў.

Сучаснае беларускае пчалярства перажывае крытычны перыяд. Амаль удвая ўзрасла працаёмістасць пчалярства, што выклікана экалагічна неспрыяльнымі ўмовамі (хімізацыя, радыяцыя, кармавы дэфіцыт), нашэсцем вараатозу – хваробы пчол, якую выклікаў невядомы да 1970-х гадоў клешч, а таксама ўтратай шматвяковага вопыту і значнай долі пчалярскіх традыцый. Адраджэнне беларускага пчалярства магчыма толькі ў кантэксце агульнанацыянальнага экалагічнага адраджэння – пераходу ад спажывецкага да партнёрскага стаўлення да роднай прыроды. Значную ролю ў традыцыйнай сістэме гаспадарання адыгрывалі лесахімічны і лесанарыхтоўчы промыслы. Да лесахімічных промыслаў адносяцца смалакурэнне, гонка дзёгцю, шкіпінару, выпальванне вугалю, выварка паташу. Смала ўжывалася для прасмолкі рыбацкіх невадаў, лодак, суднаў, канатаў, у ваеннай справе. У значным аб’ёме смалу вывозілі за мяжу. У раннім сярэднявеччы Полацк актыўна гандляваў смалой з нямецкімі ганзейскімі гарадамі праз Рыжскі порт. У сувязі з развіццём у Англіі і Галандыі марскога флоту і прамысловасці з XVI ст. павялічыўся экспарт смалы ў гэтыя краіны.

Надзвычай разнастайным з’яўлялася выкарыстанне паташу (шчалачная соль, атрыманая з расліннага попелу). Ён быў неабходны для мыцця воўны, адбельвання і фарбавання тканін, для мылаварэння, шкларобства. Дзёгаць выкарыстоўвалі для змазкі калёсных восяў, у гарбарстве, пры вырабе сырамятнай скуры, у народнай медыцыне; вугаль – у кавальскай справе, металургіі. Галоўнымі раёнамі лесахімічных промыслаў з’яўляліся Падняпроўе і Палессе. Для вытворчасці смалы, паташу, вугалю, дзёгцю стваралі спецыяльныя прадпрыемствы, якія называліся будамі. Яны вядомы на Беларусі ўжо ў XV – XVI стст. і, як правіла, належалі буйным феадалам: Радзівілам, Любамірскім, Солтанам і інш. Пазней, на месцах былых лясных прадпрыемстваў утвараліся вёскі з назвамі Буды, Буднікі, Смольня, Смалявічы і да т.п. Буды дзейнічалі круглы год. Вясной, летам і восенню рыхтавалі сыравіну: выпальвалі попел для варкі паташу, бралі бяросту для гонкі дзёгцю, выкопвалі смаляныя карчы для смалакурэння. У народных уяўленнях, лясныя ўрошчышчы, дзе працавалі смалакурні, выступалі як “нячыстыя”, “ліхія” месцы, звязаныя з чортам. Апошні, нібыта, асабліва апекваўся над смалакурнямі, бо яны пастаўлялі смалу і для патрэб пекла. Як асоба, набліжаная да чорта, схільная да чарадзейства выступае ў беларускім фальклоры атаман – галоўны майстра, упраўляючы смалакурні (буды). Вельмі важнае значэнне мела і нарыхтоўка драўніны, якая ішла на задавальненне мясцовых гаспадарчых патрэб (будаўніцтва, сыравіна для рамёстваў, паліва і г.д.), а таксама на экспарт. Традыцыйна лес прызначанына вываз сплаўлялі рэкамі: па Нёмане – у Прусію, па Заходняй Дзвіне праз Рыгу – у Англію і Галандыю, па Дняпры – на Украіну.

 







ЧТО ТАКОЕ УВЕРЕННОЕ ПОВЕДЕНИЕ В МЕЖЛИЧНОСТНЫХ ОТНОШЕНИЯХ? Исторически существует три основных модели различий, существующих между...

Что делать, если нет взаимности? А теперь спустимся с небес на землю. Приземлились? Продолжаем разговор...

Живите по правилу: МАЛО ЛИ ЧТО НА СВЕТЕ СУЩЕСТВУЕТ? Я неслучайно подчеркиваю, что место в голове ограничено, а информации вокруг много, и что ваше право...

Что делает отдел по эксплуатации и сопровождению ИС? Отвечает за сохранность данных (расписания копирования, копирование и пр.)...





Не нашли то, что искали? Воспользуйтесь поиском гугл на сайте:


©2015- 2024 zdamsam.ru Размещенные материалы защищены законодательством РФ.